МУС Беларусі дагэтуль не ведае, дзе знаходзіцца ўкраінец. А яго ўжо знайшлі ў РФ
МУС Беларусі дагэтуль не ведае, дзе знаходзіцца грамадзянін Украіны 19-гадовы Павел Грыб. І гэта пры тым, што яго ўжо знайшлі ў Расіі ў адным з СІЗА ў Краснадары! У чацвер украінскім дыпламатам гэта пацвердзіла ФСБ. У адносінах украінца распачатая крымінальная справа за тэрырызм.
І вось пасля гэтага раніцай у пятніцу на сайце МУС Беларусі з’яўляецца інфармацыя пра тое, што аддзел унутраных спраў адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля працягвае праверку па факце знікнення ўкраінца, які 24 жніўня прыехаў у нашу краіну на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі. Адзначаецца, што “у перыяд знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь грамадзянін Грыб П. І. супрацоўнікамі органаў унутраных спраў не затрымліваўся, з заявамі ці па іншых абставінах у міліцыю не звяртаўся”. Застаецца пытанне, а ці не быў ён затрыманы нейкай іншай сілавой структурай? Ці здолее гэта высветліць аддзел міліцыі ў Гомелі? У паведамленні МУС падкрэсліваецца, што “на цяперашні час яго [Паўла Грыба] месцазнаходжанне не высветлена".
Міліцыя працягвае праверку па факце знікнення ў Беларусі ўкраінца. Праводзіцца “комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў”. Не выключаецца нават, што будзе распачатая крымінальная справа. Тым часам украінскі бок чакае ад уладаў Беларусі тлумачэнняў, якім чынам Павел Грыб, які прыехаў у Гомель, апынуўся ў Расіі.