МУС: У цэнтрах часовага ўтрымання ў Беларусі сірыйскіх уцекачоў не будзе
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пракаментавала планы стварэння ў нашай краіне цэнтраў размяшчэння мігрантаў. На гэтыя мэты ЕС выдзяляе 7 млн еўра. Еўракамісія падтрымала рэалізацыю праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Садзейнічанне Беларусі ў вырашэнні пытанняў, звязаных з павялічэннем патокам нелегальных мігрантаў".
Як інфармуе прэс-служба МУС, фінансаванне будзе дадзена ў рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на падставе адпаведнага фінансавага пагаднення. Яно павінна быць падпісана паміж Міністэрствам унутраных спраў нашай краіны, Еўракамісіяй і Прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь. Праект ужо разглядаюць у Мінску. Якраз адным з накірункаў працы ў яго межах будзе стварэнне цэнтраў часовага ўтрымання замежнікаў-незаконных мігрантаў, затрыманых у Беларусі. А вось сірыйскія ці іншыя ўцекачы ЕС у іх размяшчацца не будуць, падкрэслівае МУС.
На сённяшні дзень у Міністэрства ўнутраных спраў і ў Дзяржаўнага памежнага камітэта адсутнічаюць спецыялізаваныя памяшканні, прызначаныя для ўтрымання і працы з дадзенай катэгорыяй грамадзян (на час, калі будзе адбывацца ідэнтыфікацыя асобы, чаканне дэпартацыі). Іх пакуль утрымліваюць у ізалятарах часовага ўтрымання тэрытарыяльных аддзелаў унутраных спраў і Дзяржпамежкамітэта.
Таксама МУС інфармуе, што грошы Еўрасаюза прызначаюцца для садзейнічання добраахвотнаму вяртанню замежнікаў з Беларусі ў дзяржавы, грамадзянамі якіх яны з'яўляюцца.
Як паведамляла Еўрарадыё, 13 студзеня стала вядома, што ЕС выдзяляе Беларусі 7 млн еўра на будаўніцтва цэнтраў размяшчэння мігрантаў. Спачатку пра гэта напісалі нямецкія СМІ. Пасля МЗС Беларусі пацвердзіў гэтую інфармацыю.