"Муж адмовіўся ехаць на Данбас, ўлады нам не дапамогуць"

Фото: Еўрарадыё
Фото: Еўрарадыё

З Амірай знаёмімся на кухні прыватнага дома ў Брэсце. Жанчына рыхтуе стол да абеду. У духоўцы запякаецца хатні хлеб, у каструлі варыцца боршч, а на патэльні смажыцца нешта, што не атрымоўваецца распазнаць. Убачыўшы, што мой погляд спыніўся менавіта на патэльні, жанчына тлумачыць:

"Гэта чарамша — мядзведжы лук. У чачэнцаў, вельмі папулярныя стравы з яе".

Аміра — шматдзетная маці з Чачні. Больш за паўгода таму разам з мужам і пяццю дзецьмі яна прыехала ў Брэст з 95-га рэгіёна РФ. Горад над Бугам не быў і не з'яўляецца канчатковым пунктам для гэтай сям'і. Як і многія іх суайчыннікі, яны спрабуюць без віз трапіць у Польшчу, дзе хочуць атрымаць палітычны прытулак. Большасць з такіх чачэнцаў польскія памежныя службы да сябе не прапускаюць.

"Муж отказался ехать на Донбасс, власти нам не помогут"

У гэтай сям'і было каля 20 спробаў праехаць на электрычцы ў Цярэспаль. Пакуль безвынікова. Кожная такая спроба абыходзіцца прыкладна ў 50 еўра. Муж размаўляць адмаўляецца, таму гутарым з Амірай.

"Калі скончыліся грошы, мы яшчэ жылі на здымнай кватэры, пазычалі. Але пазней прыйшлося пераехаць з дзецьмі на вакзал. Жылі там тры тыдні. Людзі з Беларусі дапамагалі хто чым: і ежай, і лекамі, і адзеннем, і, вядома, маральна падтрымлівалі. Больш за два месяцы, як нам тут далі часовы дом".

У гэтым доме Аміра займаецца хатняй працай, ва ўсім дапамагае гаспадарам. Брэсцкая сям'я, якая прытуліла чачэнцаў, пажадала застацца інкогніта. Усе перажываюць, што гасцей з Каўказа могуць адшукаць тыя, ад каго яны тут хаваюцца.

"Мой муж — былы вайсковец. Па службе ён удзельнічаў у антытэрарыстычнай аперацыі ў гарах (на тэрыторыі Чачэнскай рэспублікі). У іх адбылася страляніна, у выніку якой з абодвух бакоў былі ахвяры. Аднак з таго боку было больш. Была аб'яўленая крэўная помста. Тыя, хто яе абвясціў, яны — ігілаўцы".

"Муж отказался ехать на Донбасс, власти нам не помогут"

Па словах Аміры, праваахоўныя органы Чачні не могуць іх абараніць, ці, хутчэй, не хочуць. Муж стаў персонай нон грата, калі звольніўся з войска. Прычынай стала нежаданне падпарадкавацца незаконным, на яго думку, загадам камандавання. Аміра адмаўляецца казаць, у якіх войсках служыў муж, але праз час некаторы нечаканыя падрабязнасці ўсё ж такі агучвае:

"Ён адзін раз быў у Крыме "па працы", але там жа вайны не было — гэта ні для каго ўжо не сакрэт. Мірна і без крыві ўзялі Крым. А калі ўжо адпраўлялі на Данбас, муж адмовіўся гэта рабіць. Гэта было ў 2014-м годзе. Яны тады заўсёды былі на баявых выездах. З-за таго, што муж адмовіўся ехаць на Данбас, ўлады нам не дапамогуць".

"Муж отказался ехать на Донбасс, власти нам не помогут"

КОЛЬКІ СЁННЯ ЧАЧЭНЦАЎ У БРЭСЦЕ?

Яшчэ восенню ў Брэсце, па розных падліках, знаходзіліся ад 1 да 3 тысяч чачэнцаў. Аміра кажа, што большасць з іх збеглі ад рэжыму Кадырава, або, як яны, ад кроўнай помсты. Былі сярод іх і "эканамічныя ўцекачы", тыя, хто шукаў у Еўрасаюзе лепшага жыцця. Аднак гэтыя людзі пасля некалькіх няўдалых спроб пераезду не вытрымлівалі, і вярталіся ў Чачню. У Брэсце засталіся самыя адчайныя, тыя, хто баіцца вяртацца.

"Людзі, якія ўцяклі ад рэжыму Кадырава, ніколі не вернуцца ў Чачэнскую рэспубліку, яны асцерагаюцца за сваё жыццё. Калі ўжо вельмі захочуць убачыць каго-небудзь са сваякоў, могуць таемна прыехаць у Пяцігорск, Нальчык або Махачкалу і пабачыцца там. Але прыязджаць у Чачню і хадзіць там па вуліцах яны не будуць".

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, цяпер у Брэсце знаходзяцца каля 40 сем'яў (у кожнай ад 4 да 7 дзяцей). Каля 20 з іх — "старыя", як называе іх Аміра, — гэта тыя, хто знаходзіцца ў Брэсце з мінулага года. У большасці скончыліся грошы, іх прытулілі неабыякавыя брастаўчане. "Новыя" — тыя, хто прыехаў не так даўно.

Ці можна неяк вызначыць, што чалавек бяжыць ад рэальных праблем, пытаем у праваабаронцы Мікіты Мацюшчанкава, юрыста місіі дапамогі бежанцам Human Constanta ў Брэсце.

"Вядома, ёсць спосабы праверкі. Напрыклад, калі ты дастаткова доўга інтэрв’ююеш людзей-ахвяр катаванняў, то бачыш, як яны гэта зноў перажываюць. Калі размаўляеш з чалавекам, які хлусіць або распавядае чужую гісторыю, адразу бачная розніца. Самы просты спосаб праверыць — проста папрасіць пераказаць гісторыю ў зваротным парадку".

Па словах юрыста, польскія памежныя службы амаль усіх чачэнцаў аўтаматычна запісваюць у "эканамічныя уцекачы". І адпраўляюць назад у Брэст. Хоць павінны прымаць усіх, хто заяўляе пра жаданне атрымаць палітычны прытулак. Польскі бок апраўдваецца тым, што быццам бы не ўсе чачэнцы заяўляюць пра палітычны прытулак. Праверыць гэта складана. Юрыстаў, якія перыядычна суправаджаюць чачэнцаў на мяжы, памежнікі не пускаюць да працэдуры "праверкі бежанцаў".

"Муж отказался ехать на Донбасс, власти нам не помогут"

Яскравы прыклад — акцыя 17-га сакавіка, якую сумесна правялі беларускія і польскія праваабарончыя арганізацыі.

"У акцыі ўдзельнічалі 14 польскіх адвакатаў, яны па даверанасці суправаджалі 14 сем'яў шукальнікаў прытулку. Адвакаты пераехалі ў Цярэспаль і спрабавалі дамагчыся доступу да працэдуры прыняцця заяў і афармлення адпаведных дакументаў. Ні аднаго з іх да працэдуры не дапусцілі, і ні адна з 14 сем'яў у Польшчы не засталася".

З некалькіх дзесяткаў сем'яў, якія штурмуюць мяжу, палякі прапускаюць за раз 1-2 сям'і. Да сённяшняга дня, па прыкладных падліках праваабаронцаў, пераехаць такім чынам мяжу змаглі каля дзвюх тысяч чалавек.

"Муж отказался ехать на Донбасс, власти нам не помогут"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі