Мужчына атрымаў 2 гады "хатняй хіміі" за тое, што назваў Лукашэнку ўзурпатарам

Мужчына атрымаў 2 гады "хатняй хіміі" за тое, што назваў Лукашэнку ўзурпатарам

31 траўня суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы асудзіў 47-гадовага Вячаслаў Кульбу на два гады "хатняй хіміі". Як піша праваабарончы сайт "Вясна", мужчыну прызналі вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта. Судовы працэс заняў адну гадзіну.

Інцыдэнт, за які судзілі Кульбу, адбыўся позна ўвечары 20 лістапада 2020 года. Мужчына завітаў нападпітку на аўтазапраўку "Беларуснафты". Там ён, як заявіў бок абвінавачання, "уласнаручна пісьмова ўчыніў запіс, які змяшчае інфармацыю абразлівага характару: "Скаргаў няма. Не разумею калектыў вашай АЗС, які падтрымлівае рэжым узурпатара Лукашэнкі".

Судова-лінгвістычная экспертыза вырашыла, што гэты запіс прыніжае гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы, "у сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў". Да таго ж ён, нібыта, выказаны ў непрыстойнай форме. 

Вячаслаў Кульба сваю віну на судзе прызнаў цалкам. Ён патлумачыў, што ў той дзень выпіў з прыяцелем, а потым па яго заехала сястра. Яны паехалі да маці, а па дарозе заехалі на АЗС заправіцца. Мужчыну падалося, што пах бензіну "нейкі не такі", таму ён пакінуў запіс у кнізе скаргаў.

Ён расказаў, што да гэтага запраўляўся ў Расіі, дзе працуе. Паліва на запраўцы "Беларуснафты" ў Расіі было вельмі дрэннай якасці, пасля яго давялося рабіць дарагі рамонт працоўнай машыны. Калі ён спытаў, хто кіраўнік сеткі АЗС і адказны за якасць паліва, яму адказалі: "Лукашэнка". І калі мужчына адчуў пах няякаснага бензіну на АЗС у Баранавічах, ён напісаў фразу ў кнізе скаргаў і прапаноў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі