Мужчына пасварыўся з жонкай і вывесіў на акно БЧБ-сцяг, каб яе асудзілі
У Кобрыне мужчына пасварыўся з жонкай і вывесіў на акно БЧБ-сцяг, каб яе асудзілі, але ў выніку сам апынуўся за кратамі. Пра кур’ёзны выпадак пішуць праваабаронцы.
Паведамляецца, што ўвечары 2 ліпеня ў райцэнтры Брэсцкай вобласці затрымалі мясцовага жыхара па “скарзе неабыякавага грамадзяніна” — на БЧБ у акне. На судзе мужчына растлумачыў, што палаяўся з жонкай, таму размясціў аркуш паперы бел-чырвона-белага колеру, каб яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Але замест жонкі міліцыянты затрымалі яго самога.
За “несанкцыянаванае пікетаванне” мужчыну асудзілі на 10 сутак арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.