Мужчына, які ўскрыў вены ў судзе ў Магілёве, памёр у бальніцы
У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва мужчына ўскрыў сабе вены. Здарэнне адбылося ў камеры для часовага ўтрымання абвінавачаных яшчэ 10 сакавіка, але пра яго стала вядома толькі цяпер. 12 сакавіка мужчына памёр у бальніцы, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Следчы камітэт.
Калі абвінавачанага знайшлі ў камеры, яму пачалі аказваць першую меддапамогу. Мужчына актыўна супраціўляўся. Паводле папярэдняй інфармацыі, іншых пашкоджанняў, акрамя тых, што ён нанёс сабе сам, на целе не выявілі. Прызначана экспертыза, праводзіцца праверка.
Вядома, што самагубца пакінуў запіску, але яе змест не разгалошваецца. Вядома, што памерламу было 44 гады. Ён неаднаразова быў асуджаны, але за якія злачынствы, не ўдакладняецца. Няма інфармацыі і пра тое, чым мужчына парэзаў сабе вены і як ён здолеў пранесці гэты прадмет у суд.
Сайт nn.by удакладняе, што мужчына праходзіў абвінавачваным у крадзяжы, яму пагражала да чатырох гадоў зняволення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.