Музычныя рэдактары: будзе добры прадукт — не спатрэбяцца і адсоткі

У праграмы па заяўках беларускіх музыкаў не замаўляюць — слухачы стаміліся ад 75-ці адсоткаў Знакамітыя 75% беларускай музыкі на радыёстанцыях па-ранейшаму маюць месца быць. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія беларускія музыкі і чаму патрапляюць ў топы музычных рэдактароў, і ці гучаць у праграмах па заяўках айчынныя выканаўцы.

Як высветлілася, беларускія выканаўцы рэдка гучаць ва ўлюбёных слухачамі праграмах па заяўках. Калі нават гучаць, то слухачы могуць быць зусім не ў курсе таго, што іх любімую песню спявае беларус. Такі прыклад прывёў Еўрарадыё музычны рэдактар радыёстанцыі Пілот-FM Дзяніс Зыль:

Дзяніс Зыль: “Часцей за ўсё не замаўляюць. Ёсць маладыя выканаўцы, якіх замаўляюць, аднак яны не вядомыя шырока. Ёсць, напрыклад, такі Алекс. Песня ім падабаецца, аднак слухачы могуць і не ведаць, што гэта беларускі выканаўца”.

Праграмы па заяўках большасці радыёстанцый складаюцца з падрыхтаванага раней плэй-ліста, які, вядома, улічвае густы і просьбы слухачоў. На памяці музычнага рэдактара радыё Unistar Аляксандра Ажынскага таксама не значыцца заявак беларускіх выканаўцаў. Выключэнне складае хіба Аляксандр Рыбак.

Аляксандр Ажынскі:
“Што тычыцца заявак, дык яны, вядома, у нас прысутнічаюць, але плэй-ліст складаецца пад іх загадзя. То бок, заяўкі прымаюцца раней, але вось замову беларусаў, я, шчыра кажучы, не памятаю. Максімум, Рыбак Аляксандр, які лічыцца беларускім выканаўцам, хаця самі разумееце, гэта нарвежская музыка”.

Кожная беларуская радыёстанцыя мае свой арыгінальны фармат, згодна з якім адбірае творы для эфіру. Галоўны крытэр — якасная папулярная музыка. А пад гэты крытэр патрапляюць адны і тыя ж беларускія музыкі, якія гучаць паўсюль. Паводле Дзяніса Зыля, гэтая праблема вырашыцца толькі ў тым выпадку, калі беларускія музыкі пачнуць развівацца.

Дзяніс Зыль: “У нас іншы фармат. Больш еўрапейскі. Нас цікавіць, у асноўным, новая музыка. Ёсць і старая. Канца 90-х. Рокеры ёсць. Гэта ў асноўным J_Морс, Крамбамбуля: больш камерцыйная праекты… Міцько зараз піша вельмі добрыя песні. Шаркунова ўвогуле не выймаецца з эфіру… Насамрэч, калі пісалі б нашыя выканаўцы добрую музыку, а не папсу, камерцыйную музыку, калі б яны развіваліся, была б іншая сітуацыя. Аднак нашыя артысты проста не хочуць развівацца. Вось і ўсе праблемы. Быў бы добры прадукт, не спатрэбіліся б і адсоткі”.

Фармат радыё Unistar арыентаваны перш за ўсё на дарослую аўдыторыю. Беларуская музыка прадстаўлена больш шырока, аднак знаёмыя імёны таксама сустракаюцца.

Аляксандр Ажынскі:
“Мы аддаем перавагу якаснай папулярнай музыцы, цікавай дарослым людзям. Гэта гурты Atlantica, Hair Peace Salon, Open Space, Aura, Rouble Zone, дуэт Chempions… Крамбамбуля ёсць, аднак невялікая колькасць песень. То бок яны сваё ў прынцыпе адыгралі, а новага, хітовага класнага мы пакуль не бачылі. З тых, хто спявае па-руску, ёсць J_Морс, ёсць БезБилета, Бі-2, Зміцер Калдун, Ночные Снайперы, Алёна Свірыдава, Аляксей Шадзько. Гэта я назваў выканаўцаў, чыіх песень больш за усё ў ратацыі”.

Цікава, што Аня Шаркунова патрапіла ў лік музыкаў-шансанье: яе песні актыўна ратуюцца на радыё Рокс. Пра гэта распавяла музычны рэдактар радыёстанцыі Іна Васільева.

Іна Васільева: “Я пералічу вам імёны: гэта шансанье беларускага паходжання, якія працуюць на тэрыторыі СНД: у першую чаргу гэта Віталь Аксёнаў з Брэста, Уладзімір Гунбін з Гродна, Ганна Шаркунова, Юрый Антонаў”.

На жаль, песні Ўладзіміра Мулявіна, згодна з Мінінфармацыі, з’яўляюцца нефарматам для радыёстанцый, таму і песнь славутага песняра немагчыма пачуць у эфіры.

Дзяніс Зыль: “Мулявіна — не. Як міністэрства інфармацыі кажа, што Мулявін — гэта нефармат. Дзеля такой музыкі ёсць адмысловыя радыёстанцыі, рэтра-станцыі. Гэта гісторыя”.

Толькі вось рэтра-станцый у Беларусі можна пералічыць на пальцах. Тым не менш, як заўважае Дзяніс, перакручванне адных і тых жа выканаўцаў на радыё дае негатыўны плён. Радыёстанцыі губляюць свой твар, а слухачы проста выключаюць радыё, калі чуюць адно і тое ж.

Дзяніс Зыль: “Перакручванне выканаўцаў уплывае толькі негатыўна. Таго ж самага J_Морса, па-мойму, і то перакруцілі. На ім ужо выключаюць радыё. Колькі ж можна!”

Атрымоўваецца гора ад розуму: якасны музычны прадукт мае на ўвазе актыўную ратацыю. А актыўная ратацыя адпужвае слухача.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі