МЗС Беларусі папрасіў не смяяцца з "беларускай крэветкі"
Работнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі патлумачылі, пры якіх умовах крэветка і траска могуць стаць беларускімі.
"Беларусь мае права і магчымасць фрахтаваць суда і весці марскі промысел, і такая прадукцыя дазволеная да ўвозу на тэрыторыю Мытнага саюза. Таму не трэба ніякіх ухмылак з нагоды "беларускай крэветкі" і "беларускай траскі", — перадае interfax.by словы беларускіх дыпламатаў.
У ведамстве распавялі, што пэўны час Беларусь арандавала ў Калінінградзе два караблі. Яны выходзілі ў Атлантыку і лавілі там селядцоў, траску ды іншыя віды рыбы.
Дыпламаты заклікаюць адрозніваць паняцці "краіна паходжання тавару" і "краіна вытворчасці прадукцыі". Калі на этыкетцы пішуць "Зроблена ў Беларусі" — гэта значыць, што сыравіна, у тым ліку імпартная, прайшла глыбокую перапрацоўку.