МЗС Расіі прызнаў гібель дзясяткаў "грамадзян Расіі ды краін СНД" у Сірыі
У Сірыі падчас нядаўняга ваеннага сутыкнення загінулі некалькі дзясяткаў грамадзян Расіі ды краін СНД, але гэта не вайскоўцы. З такой заявай выступіла ў аўторак Міністэрства замежных спраў Расіі.
У заяве гаворыцца, што гэтыя людзі паехалі ў Сірыю "па сваёй волі і з рознымі мэтамі". МЗС падкрэсліла, што ацэньваць правамоцнасць і законнасць такіх іх рашэнняў — гэта не справа міністэрства.
"Падчас нядаўняга ваеннага сутыкнення, у якім ніякім чынам не ўдзельнічалі вайскоўцы Расійскай Федэрацыі і не ўжываліся штатныя тэхнічныя сродкі, ёсць загінулыя грамадзяне Расіі ды краін СНД, аб гэтым ужо гаварылася, ёсць і параненыя — іх некалькі дзясяткаў. Ім было аказана садзейнічанне для вяртання ў Расію, дзе, наколькі нам вядома, яны праходзяць курсы лячэння ў розных медыцынскіх установах", — гаворыцца ў заяве МЗС.
Раней паведамлялася, што 7 лютага міжнародная кааліцыя нанесла авіяўдар па атрадах, якія наступалі на пазіцыі "Сірыйскіх дэмакратычных сілаў". Пры гэтым загінулі і атрымалі раненні наёмнікі з расійскай прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер". Гэтую ж кампанію падазраюць ва ўдзеле ў баях на Данбасе ва Украіне.
Колькасць ахвяраў у Сірыі ў розных крыніцах вагалася ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень чалавек. Параненыя ў Сірыі, як даведаліся СМІ, былі дастаўленыя ў вайсковыя шпіталі ў Маскве, Падмаскоўі і Санкт-Пецярбургу.
Раней МЗС Расіі адмаўляў вялікія страты сярод расійскіх наёмнікаў у Сірыі. 15 лютага прадстаўніца МЗС Марыя Захарава паведаміла, што загінулі недзе калі гібелі пяці чалавек, прычым іх грамадзянства трэба дадаткова ўдакладняць.