МЗС Расіі: У Лівіі вызвалілі беларусаў, асуджаных два гады таму
У чэрвені 2012-га суд прызнаў траіх беларусаў, а таксама групу расіян і ўкраінцаў, вінаватымі ў вайсковым супрацоўніцтве з рэжымам Муамара Кадафі.
Яны атрымалі па дзесяць гадоў зняволення з папраўчымі працамі. МЗС Расіі паведамляе, што больш за 20 грамадзян Расіі, Беларусі і Украіны вызваленыя. Адзначаецца, што пра гэтую справу не інфармавалі з-за "далікатнасці зробленых захадаў" і складанай ды небяспечнай сітуацыі ў Лівіі. Імёны вызваленых і іншыя падрабязнасці пакуль не паведамляюцца.
Расійскі бок заяўляе, што расіяне, беларусы і ўкраінцы ўжо вярнуліся на радзіму, адзначае ВВС.