На балі выпускнікоў Лукашэнка пераконваў іх застацца працаваць у Беларусі

Аляксандр Лукашэнка адкрывае баль выпускнікоў​ / БелТА
Аляксандр Лукашэнка адкрывае баль выпускнікоў​ / БелТА

27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка выступіў на балі выпускнікоў у Мінску. Акрамя дзяжурных словаў пра светлую будучыню, мары і самарэалізацыю, ён раптам загаварыў з маладымі спецыялістамі аб суверэнітэце.

"Хачу ўсім вам, нашы дарагія выпускнікі, пажадаць галоўнага — зберагчы сваю краіну. Суверэнітэт не абстрактнае паняцце. Гэта тое, што дазволіць вам і наступным пакаленням заставацца беларусамі. На чужой зямлі вы не будзеце беларусамі, толькі на сваёй. Гэта дазволіць самім прымаць рашэнні у сваім жыцці і жыцці краіны, а не азірацца па баках і думаць, што скажуць ці, яшчэ горш, пакажуць з Усходу ці Захаду", — сказаў Лукашэнка.

Праблема "ўцечкі мазгоў" для Беларусі вельмі актуальная. Афіцыйна колькасць беларусаў, якія працуюць за мяжой, — каля 100 тысяч чалавек. Неафіцыйныя ацэнкі кажуць пра тое, што з'язджае ў 15 разоў больш. А многія эмігруюць яшчэ ў студэнцтве — застаюцца жыць у той краіне, дзе атрымалі адукацыю.

Улады па-свойму змагаюцца з праблемай. Напрыклад, Мінгандлю нядаўна заявіла, што ў Беларусі артыкулы журналістаў пра навучанне ў замежных універсітэтах могуць быць расцэненыя як іх рэклама. А значыць, для іх публікацыі патрабуецца ўзгадненне з Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам адукацыі.

Асобна Лукашэнка ў сваёй прамове пахваліў студэнтаў-медыкаў за дапамогу ў барацьбе з COVID-19. Беларускія лекары, на жаль, праз універсальнасць сваёй прафесіі таксама актыўна пераязджаюць з Беларусі. Паводле польскай статыстыкі, кожны сёмы лекар-іншаземец у Польшчы — беларус.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі