На беларуска-ўкраінскай мяжы затрымалі беларуса, які ўцёк з расійскай калоніі
Уначы 9 красавіка памежнікі каля пункту пропуску "Новая Гута" на мяжы з Украінай атрымалі сігнал, што спрацаваў датчык сігналізацыйнага комплексу.
На месцы памежны нарад высветліў, што праз загараджальны плот перабіраўся адзін чалавек. Пра гэта сведчылі пакінутыя на кантрольна-следавай паласе сляды. Яны вялі ў напрамку Украіны, адзначае прэс-служба Памежнага камітэта.
Знайсці і затрымаць парушальніка мяжы ў начным лесе дапамог службовы сабака. Пачуўшы пераслед, мужчына спярша хаваўся ў хмызняку, а потым і забраўся на дрэва. Аднак гэтыя хітрыкі яму не дапамаглі.
Затрыманым апынуўся 26-гадовы грамадзянін Беларусі, жыхар Буда-Кашалёва. Ён адбываў пакаранне за крадзеж у расійскай калоніі, аднак у лютым уцёк адтуль. Пасля гэтага мужчына знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку.
Памежнікі склалі на яго пратакол за парушэнне дзяржаўнай мяжы і перадалі міліцыянтам.