На чыгуначным вакзале Мінска ізастужкай заклеілі англійскія надпісы
Так выглядае цяпер табло на чыгуначным вакзале ў Мінску
На мінскім чыгуначным вакзале заклеілі ўсе англамоўныя надпісы на інфармацыйных табло. Фатаздымкі "папраўленага" вакзала з'явіліся ў сацсетках. Інтэрнэт-карыстальнікі пішуць, што з англійскімі надпісамі адміністрацыя вакзала змагалася з дапамогай сіняй ізаляцыйнай стужкі.
Англамоўныя надпісы зніклі ў падземных пераходах і на платформах з цягнікамі. "Не бярэмся дакладна судзіць, з дапамогай чаго заляпілі англамоўныя надпісы: ці то ізастужка, ці то армаваны скотч, ці то кавалкі ПВХ на ліпучай аснове. Але зараз усе словы амаль надзейна схаваныя. Зрэшты, пад імі ўсё роўна можна прачытаць словы, якія ледзь прасвечваюць — Train, Route, Numeration from, Arrival, Departure, Delay", — піша blizko.by.
Рэжым Лукашэнкі ўжо год вядзе змаганне з лацінскім алфавітам у грамадскай прасторы. Спярша ў апалу трапілі надпісы беларускай лацінкай на дарожных і вулічных указальніках, а таксама надпісы ў метро. Потым — увогуле надпісы на замежных мовах. Так, у Гродне пасля скаргі прапагандысткі з турыстычнага цэнтра знікла шыльда, напісаная на беларускай, польскай і англійскай мовах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.