На чыім баку беларусы ў эстонска-расійскім скандале?

Жарсці вакол эстонскага скандалу не сціхаюць ужо больш за тыдзень. Асабліва актыўна праблему абмяркоўваюць карыстальнікі Жывога Журналу.
Суполка мінск.бай (http://community.livejournal.com/minsk_by/3384551.html, http://community.livejournal.com/minsk_by/3389414.html) збірае некалькі соцень каментароў пры абмеркаванні эстонскага пытання. Расійскія дзённікі стракацяць паведамленнямі на гэтую тэму (http://dolboeb.livejournal.com/932748.html).

“У нас горш за ўсякае гестапа”, — пішуць эстонскія ЖЖ-карыстальнікі (http://lunnajakoshka.livejournal.com/72079.html, http://users.livejournal.com/_ea_/184468.html, http://www.liveinternet.ru/users/trapt/post38015160/, http://krishtafovitsh.livejournal.com/131940.html, http://fyysik.livejournal.com/609368.html, http://community.livejournal.com/estonia/2068690.html).


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:
Перанос помніка савецкаму воіну-вызваліцелю разам з пахаванямі жаўнераў з цэнтру Таліна на могілкі выклікаў масавыя беспарадкі ў сталіцы Эстоніі ў ноч на 27 красавіка. Падчас сутычак з паліцый было затрымана больш за 1000 чалавек, адзін чалавек загінуў.


Тым часам расійская Дума заклікала эстонскі парламент пайсці ў адстаўку. Эстонія ў сваю чаргу просіць Еўрапейскі Саюз увесці санкцыі супраць Расіі. Спікер грузінскага парламента асуджае Расію. Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Сяргей Гайдукевіч абураны дзеяннямі эстонскіх уладаў.

Свае меркаванні па праблеме Еўрапейскаму радыё выказалі беларускія моладзевыя актывісты, удзельнікі шматлікіх мітынгаў у Беларусі, і ветэраны. І тыя, і іншыя выказвалі цікавыя і нечаканыя думкі і меркаванні.

Грамадская актывістка Крысціна Шацікава не падтрымлівае ні адзін з бакоў і кажа, што яны самі вінаватыя ў тым, што не змаглі дамовіцца:

“Я супраць эстонскіх праваахоўных органаў, якія сталі прымяняць сілу, вышэйшую за тую, што неабходная для абароны рашэння ўраду. Адрозненне ад беларускіх акцый... З аднаго боку, нам надакучыла хадзіць з балонікамі. Аднак я лічу, што мітынгоўцам нельга займацца марадзёрствам”.

Як бы мусілі паводзіць сябе беларускія ўлады, беручы прыклад з Эстоніі? Разважае сябра Беларускай арганізацыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Віктар Лазебнік:

“Мы павінны былі б знесці помнік Леніну ў цэнтры Мінска. Але ж мы гэтага не зрабілі. У нас менталітэт цывілізаванай дзяржавы. А гэта яшчэ зусім не падрыхтаваны ўдзельнік Еўрасаюза. І запусціць такую антыдэмакратычную акцыю, гэта не скажу, што фашызм, але сапраўднае глупства”.

А вось яшчэ адзін беларускі грамадскі актывіст Артур Фінькевіч лічыць, што ўсе помнікі савецкім воінам трэба дэмантаваць:

“Я на баку эстонцаў, безумоўна. Таму што для іх што нямецкія войскі, што савецкія войскі — гэта ўсё акупанты”.

Іншай думкі прытрымліваецца саліст гомельскага гурта “ТТ-34” Канстанцін Астапенка, які летась выступаў на музычным фестывалі ў Эстоніі:

“Яны, напэўна, даўно не бачылі рускіх танкаў, таму і вырашылі павыпендрывацца. Зносіць помнікі – гэта няправільна. Гэта жах. Трэба паважаць гісторыю сваёй краіны, каб паважаць сябе”.

Аналагічных помнікаў савецкім воінам-вызваліцелям у Беларусі няма. А вось у Польшчы паўтарэнне эстонскай сітуацыі цалкам магчымае. Там збіраюцца пераносіць на могілкі ўсе помнікі савецкім воінам.

Пакуль у Расіі адмаўляюцца купляць каўбасу “Талінскую”, у Беларусі таксама вырашылі выказаць свой пратэст. Раніцай 3 траўня адбыўся мітынг каля эстонскай амбасады ў Мінску.

Наш карэспандэнт быў на месцы падзеі ўжо праз гадзіну. Аднак падзея завяршылася да яго прыезду. Палітычныя погляды і перакананні — гэта адно. А холад – гэта іншае. Відаць, ён і перамог.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі