На чыноўнікаў гарвыканкама Баранавічаў пачалі 22 крымінальныя справы
Пасля праверкі міжраённага Камітэта дзяржкантролю на супрацоўнікаў упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Баранавіцкага гарвыканкама пачалі 22 крымінальныя справы, піша БЕЛТА.
Праверка выявіла парушэнні заканадаўства пры выдачы субсідый на арганізацыю прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці, заяўляе старшыня Баранавіцкага міжраённага камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Алег Данілаў. 47 беспрацоўных, якія атрымалі фінансавую падтрымку на агульную суму 80 702 рублі, выкарыстоўвалі яе з парушэннем заканадаўства, 35 чалавек фактычна не займаліся рамеснай дзейнасцю, а дапамогу выкарыстоўвалі па сваім жаданні, 12 беспрацоўных не падалі дакументы, якія пацвярджаюць мэтавае выкарыстанне атрыманых сродкаў.
Дзяржкантроль выявіў, што часцяком дапамогу атрымлівалі забяспечаныя людзі, якія маюць дамы, дарагія аўтамабілі і нават свой бізнэс. Чыноўнікі гарвыканкама афармлялі фіктыўныя дакументы, якія пацвярджалі нібыта мэтавае выкарыстанне вылучаных сродкаў, чым прычынілі дзяржаве значную матэрыяльную шкоду. Пры гэтым за свае паслугі спаганялі пэўны адсотак.
Напрыклад, адзін з жыхароў Баранавічаў падаў бізнэс-план, быццам ён збіраўся вырабляць, усталёўваць і рамантаваць дваровыя прыбіральні. Субсідыю ён абяцаў пусціць на набыццё неабходнага абсталявання. Насамрэч бланк таварна-транспартнай накладной быў выдадзены на імя іншага чалавека. Такім чынам, мужчына прадпрымальнікам не стаў, а атрыманыя грошы выкарыстаў для асабістых мэтаў.
Іншы атрымальнік субсідыі лічыўся беспрацоўным з красавіка 2015 года і атрымліваў дапамогу ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Баранавіцкага гарвыканкама. Потым ён звярнуўся з заявай аб выдачы яму фінансавай дапамогі на арганізацыю ўласнай справы, падаў бізнэс-план. У ім мужчына паведаміў, што будзе займацца аздобнымі працамі, а на дзяржаўныя сродкі купіць інструменты. Ён атрымаў грошы — 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму. Ён абавязваўся 12 месяцаў весці прадпрымальніцкую дзейнасць у адпаведнасці з дамовай. У выніку атрымальнік субсідыі прынёс дакументы, якія пацвярджаюць асваенне сродкаў, але на імя іншага ІП. Не змог ён падаць i iншыя неабходныя даведкі.
Кампенсаваць, па словах Данілава, трэба значныя сумы: 19,3 тысячы рублёў на арганізацыю рамеснай дзейнасці і 1600 рублёў — прадпрымальніцкай. Агулам нанесеная дзяржаве шкода ацэньваецца ў 59,7 тысячы рублёў.