На дадатковым наборы прахадныя балы большыя, чым на асноўным

З-за недабору ў многіх ВНУ Мінадукацыі абвясціла дадатковы набор абітурыентаў і знізіла мінімальны бал па ЦТ. Цяпер можна падаваць дакументы з вынікам тэстаў ніжэй за 10 балаў. І так атрымалася, што ў тых ВНУ, дзе быў недабор, сёння вялікі конкурс і прахадныя балы вышэйшыя.

"У нас дадатковы набор зусім невялікі. Адна спецыяльнасць на машынабудаўнічым факультэце, адна - на механіка-тэхналагічным, і на вайскова-тэхнічным факультэце дзве спецыяльнасці, — распавядаюць Еўрарадыё ў БНТУ. — Верхні ўзровень тых, хто праходзіць, будзе нашмат большы, чым ніжні ўзровень тых, якія былі падчас залічэння".

На спецыяльнасць “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці” план прыёму – 5 чалавек. Дакументы падалі на 16 гадзін 33 абітурыенты. Мінімальны бал – 91-100, максімальны – 241-250, але прахадны бал – 203 і ён яшчэ можа павялічыцца!

Падобная сітуацыя на спецыяльнасці “Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка”, дзе на бюджэце засталося 12 месцаў. На іх ужо прэтэндуе 58 чалавек. Самы горшы бал тут – 81-90, максімальны – 210,  прахадны – пакуль 155.

"Першая прычына, магчыма, тесціраванне. Фізіка і матэматыка па 70 балаў, а руская ці беларуская мова – 9 балаў. Можа быць, што нехта сарваўся на адным тэсце. Другая: трэба меркаваць, што тыя, хто не прайшоў па конкурсе ў іншых ВНУ", — тлумачаць Еўрарадыё у БНТУ.

Тут сапраўды падавалі дакументы тыя, хто мае па рускай мове ніжэй за 10 балаў.

Еўрарадыё адшукала такога абітурыента ў БДПУ імя Максіма Танка. Хлопец з бацькам запаўняюць дакументы ў холе ўніверсітэта.

"Па балах не набралі. А цяпер, калі абвясцілі дадатковы, там знізілі парог. Рускі кепска здаў – на 6, а фізіку і матэматыку – на 26 і 27 балаў", — хлопец с такімі баламі спадзяецца паступіць. Агулам з атэстатам (65 балаў) мае 125 балаў.

Яго шанец вялікі. Бо на фізіка-матэматычны факультэт дадаткова набіраюць 51 студэнта. Падалі дакументы пакуль 10 чалавек. З максімальным балам 230. Два абітурыенты маюць меней за 120 балаў.

А на факультэце пачатковай адукацыі на 17 месцаў прэтэндуюць ужо 18 чалавек, якія маюць балы ад 180 да 121. Нават конкурс ёсць!

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце дадатковы набор на тры спецыяльнасці.

На чатыры месцы спецыяльнасці “Машыны і абсталяванне ляснога комплекса” прэтэндуюць... 24 чалавекі! Прахадны тут будзе паміж 151 і 160.

На спецыяльнасць “Хімічная тэхналогія пераапрацоўкі драўніны” данабіраюць 16 студэнтаў, дакументы падалі ўжо 29 чалавек. Трое маюць балы меней за 110, 230 – максімальны.

Фота: mybrest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі