На гродзенца, які зламаў лапу сабаку і кінуў у полі, пачалі крымінальную справу
На 24-гадовага гродзенца пачалі крымінальную справу за жорсткае абыходжанне з жывёлай, паведамляе uvd.grodno.by.
Здарэнне адбылося ў гродзенскім мікрараёне Альшанка напрыканцы студзеня. Мясцовы жыхар з гаўбца сваёй кватэры пабачыў у полі шчанюка. Сабака ўмерз у лёд і амаль загінуў. Мужчына паведаміў пра інцыдэнт зоаабаронцам. Тыя даставілі сабаку ў ветэрынарную клініку, дзе ў жывёлы дыягнаставалі пералом сцегнавой косткі са зрушэннем.
Неўзабаве знайшлі гаспадара сабакі. Малады чалавек зламаў яму лапу, стукнуўшы па ёй нагой. Хлопец не адмаўляш, што біў сабаку. Свае паводзіны ён патлумачыў жыццёвымі цяжкасцямі. Дарэчы, пасля здарэння мужчына з'ехаў з кватэры, якую здымаў на Альшанцы.
Следчы камітэт пачаў на гродзенца крымінальную справу. Яму пагражаюць грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года або арышт.