На Маршы народаўладдзя затрымалі кубінца — яму пагражае дэпартацыя

Рабэрта Касануэва / "Фэйсбук"
Рабэрта Касануэва / "Фэйсбук"

На Маршы народаўладдзя ў Мінску затрымалі 55-гадовага кубінца Рабэрта Вальдэса Касануэву. Раніцай 11 лістапада ён усё яшчэ чакае суда ў мінскім ІЧУ на завулку Акрэсціна. А пасля суда міліцыя можа падняць пытанне аб яго дэпартацыі.

— У Рабэрта скончыўся від на жыхарства. Яго павінны дэпартаваць з Беларусі, — распавядае Еўрарадыё Ірына, калега Рабэрта.

Амаль 30 гадоў Касануэва пражыў у нашай краіне. Ён працуе тут графічным дызайнерам, свабодна гаворыць па-руску і актыўна выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю: выступае супраць фальсіфікацый на беларускіх выбарах і гвалту з боку сілавікоў. Са слоў калегаў, Рабэрта выходзіў на пратэстныя маршы кожную нядзелю. 8 лістапада аказалася фатальным.

— Сябры, мяне дэпартуюць з краіны. Улады адмовіліся падаўжаць мой від на жыхарства праз маю палітычную пазіцыю, — пісаў Касануэва ў сярэдзіне верасня. — Я аддаў гэтай краіне амаль 30 гадоў, шмат працаваў. У мяне тут застаюцца трое дзяцей: Клаўдыя, Крысціян і Альберта (непаўнагадовы). 

Я зрабіў тут усё, што мог, вельмі спадзяюся і мару ў хуткім часе ўбачыць Беларусь з чыстым небам над галавой без Лукашэнкі. Ні пра што не шкадую адносна маёй пазіцыі, і калі спатрэбілася б рабіць гэта яшчэ раз, то рабіў бы яшчэ больш.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра "Вясна", суд над Раберта адбыўся 10 лістапада па Skype у судзе Партызанскага раёна. Яго пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Касануэва віну не прызнаў.

На Марше народовластия задержали кубинца — ему грозит депортация
Рабэрта — сябра Беларускага саюза дызайнераў / znak.unid.by

Раніцай 11 лістапада сябры Рабэрта прыехалі да ІЧУ на Акрэсціна, каб даведацца, калі адбудзецца суд і колькі яшчэ яго плануюць тут трымаць. Пакуль што ім не паведамілі ніякай падрабязнай інфармацыі. 

Згодна з беларускім заканадаўствам, чалавек, у дачыненні да якога ўжытая дэпартацыя або высылка, можа быць затрыманы на тэрмін, неабходны для выканання пастановы аб дэпартацыі або высылкі. Былі выпадкі, калі замежнікі ў чаканні выправаджэння з Беларусі праводзілі ў ІЧУ па паўгода — без сувязі з роднымі, без перадач, а значыць, без неабходнага адзення і сродкаў гігіены. 

Змяшчэнне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў ІЧУ праваабаронцы расцэньваюць як жорсткае абыходжанне, якое прыніжае чалавечую годнасць. Бо ізалятары непрыдатныя для ўтрымання людзей працяглы тэрмін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі