На мяжы з Украінай паставяць супрацьпажарныя збудаванні

На мяжы з Украінай паставяць супрацьпажарныя збудаванні

На беларуска-ўкраінскай мяжы паставяць супрацьпажарныя збудаванні. Пра гэта паведаміў міністр лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч. Паводле яго слоў, сёлета ўсе буйныя лясныя пажары ў памежных лясгасах прыйшлі менавіта з украінскага боку. Адзін з такіх пажараў узнік у Лельцыцкім лясгасе на тэрыторыі 1,5 тысяч га — узгаранне было верхавым.

Міністр адзначыў, што тры гады таму былі падпісаныя пагадненні аб барацьбе з транспамежнымі пажарамі паміж Расіяй, Казахстанам, Беларуссю і Украінай. Пры гэтым Украіна падпісала гэтыя дакументы “з агаворкамі”. На сёння там няма пагаднення, каб у выпадку памежных пажараў было наладжанае ўзаемадзеянне з Беларуссю.

Таксама кіраўнік ведамства адзначыў, што цяпер распрацоўваецца праект будаўніцтва супрацьпажарных палос, разрываў, пажарных вадаёмаў і дарог для перамяшчэння пажарнай тэхнікі і людзей на дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Украінай. Амельяновіч таксама прывёў прыклад, калі сёлета ўзнік пажар на адным з участкаў Палескага лясгаса, куды можна было трапіць толькі з тэрыторыі Украіны. Каб ліквідаваць узгаранне, беларускія выратавальнікі звязваліся з украінскім амбасадарам і ўзаемадзейнічалі з памежнай службай Украіны. Пакуль вырашаліся гэтыя пытанні, час быў страчаны і агонь ахапіў вялікую плошчу.

Сёлета ў Беларусі была складаная пажарная абстаноўка ў лясах у сувязі з гарачым і сухім надвор'ем. Паводле звестак Міністэрства лясной гаспадаркі, агонь прайшоў 5,6 тысячы га лесу, адбылося каля тысячы пажараў, што болей, чым у ранейшыя гады, паведамляе БелаПАН.

Фота: TUT.by
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі