На мяжы з Украінай затрымалі эмігранта з Арменіі з беларусам-павадыром
Парушальнікаў злавілі ўкраінскія памежнікі з Луцкага раёну.
Як паведамляе сайт tomin.by, жыхара Маларыцкага раёну затрымаў патруль у 300 метрах ад лініі мяжы на ўчастку аддзела "Даманава". Разам з затрыманым беларусам быў і яшчэ адзін парушальнік. Ён прадставіўся выхадцам з Арменіі, хоць і без грамадзянства гэтай краіны.
Высветлілася, што 26-гадовы грамадзянін Беларусі быў павадыром. Вясковец за грошы ўзяўся перавесці незнаёмца праз мяжу. Эмігрант абяцаў мясцоваму жыхару ўзнагароду ў памеры 1,5 мільёны беларускіх рублёў.
Па факце незаконнага пераходу мяжы праводзіцца праверка.