На Нацыянальным футбольным стадыёне ў Мінску ідзе мантаж металічных канструкцый
Мантаж металічных канструкцый / vk.com
На Нацыянальным футбольным стадыёне ў Мінску ідзе мантаж металічных канструкцый. Таксама вядуцца маналітныя працы лесвічных маршаў паміж ярусамі арэны, узводзяцца перагародкі і сцены. Фотарэпартаж з будаўніцтва з'явіўся ў сацсетках.
Нацыянальны футбольны стадыён на скрыжаванні вуліцы Ванеева і Партызанскага праспекта будуецца ўжо некалькі гадоў. Фінансуюць праект кітайцы, яны ж займаюцца будаўніцтвам. У канцы 2022-га на будаўнічай пляцоўцы здарыўся буйны пажар.
Анансавалася, што будаўніцтва скончаць у 2023 годзе. Трыбуны стадыёна змесцяць 33 тысячы заўзятараў. Меркавалася, што на новым стадыёне будзе праводзіць свае хатнія матчы нацыянальная зборная Беларусі. Але яна пад санкцыямі і мусіць гуляць на нейтральных палях у іншых краінах.
"Вось Нацыянальны стадыён, хутка ён з'явіцца. Хто там будзе гуляць?", — пытаўся ў снежні 2022-га Аляксандр Лукашэнка ў чыноўнікаў, адказных за спартыўную галіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.