На нарадзе, прысвечанай мяжы, Лукашэнка загаварыў пра нафту і грошы ЕС

На нарадзе, прысвечанай мяжы, Лукашэнка загаварыў пра нафту і грошы ЕС

17 лютага Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай мяжы ў 2020 годзе, паведамляе БЕЛТА. На нарадзе ў кіраўніка дзяржавы была абмеркавана сітуацыя з памежнай бяспекай. "На жаль, выклікаў і пагрозаў памежнай бяспецы год ад года не становіцца менш", — заявіў Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта і кантрабанда наркотыкаў, і незаконная міграцыя, і павелічэнне вайсковай актыўнасці "па той бок мяжы".

На нарадзе прагучала, што ў Мінску спадзяюцца на большую фінансавую падтрымку з боку Еўрасаюза ў справе ўмацавання межаў. "Неабходна прадметна выкарыстоўваць зацікаўленасць ЕС ва ўмацаванні супрацоўніцтва з Беларуссю па супрацьдзеянні агульным пагрозам, гаварыў беларускі кіраўнік. — Аднак ўдасканаленне памежнай інфраструктуры абыходзіцца нам нятанна, і мы разлічваем на больш шырокую падтрымку і садзейнічанне".

"Кожны метр мяжы павінен быць надзейна абаронены, у тым ліку з дапамогай самых сучасных тэхнічных сродкаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І, вядома, як заўсёды ў нас было, з дапамогай мясцовага насельніцтва".

На нарадзе, прысвечанай мяжы, Лукашэнка загаварыў пра перамовы з Расіяй па пастаўках нафты. Ён нагадаў пра "шквал крытыкі" з боку РФ, што нібыта беларусы пагражаюць спыніць пастаўкі нафты на Захад ці будуць браць "чорнае золата" з транзітнага нафтаправода для сваіх НПЗ. Існуе дамова пра пастаўку Расіяй у нашу краіну 24 млн тон нафты за год, сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў: "Вось і ўсё".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі