На навагоднім балі з Лукашэнкам танцавала трэцякурсніца БДТУ

На навагоднім балі з Лукашэнкам танцавала трэцякурсніца БДТУ

29 снежня Аляксандр Лукашэнка ўдзельнічаў у балі ў Палацы Незалежнасці. Ён нават патанчыў з маладой прыгажуняй.

"Наша Ніва" адшукала дзяўчыну — гэта 20-гадовая Вольга Пятровіч, трэцякурсніца Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Паведамляецца, што яна ўдзельнічае у конкурсах прыгажосці, гуляе ў тэніс. Добра вучыцца, з'яўляецца старастай групы, жыве ў інтэрнаце.

У каментары "НН" Вольга расказала, што рэпетыцыі танцаў ішлі цэлы месяц. На самім балі спачатку танчылі паланэз, паўночную кадрыль, кадрыль бамонд, па-дэ-грас. Потым пачалася свабодная праграма.

"Я сама запрасіла Лукашэнку на танец. Ён не адмовіў — танчыць добра. Танчылі вальс, гаварылі пра баль, якая ўрачыстая абстаноўка, якія танцоры і як яны выдатна выглядаюць і стараюцца", — распавядае дзяўчына.

Журналісты спыталіся, чаму на балі ўсе былі без масак: няўжо не баяцца каранавіруса?

"Нас кантралявалі ў гэтым пытанні, ці ўсе сябе добра адчуваюць. Таму не сумнявалася, што канфузаў не будзе.Тэст на каранавірус я не здавала, але падчас рэпетыцый тэмпературу і нашае самаадчуванне кантралявалі. Маскі не надзявалі, але яны ў нас былі з сабою — у грамадскім транспарце ж без маскі не паедзеш. Што прэзідэнт без маскі, пытанняў ні ў каго не выклікала", — тлумачыць студэнтка.

Вольга кажа, што сёлета не галасавала на прэзідэнцкіх выбарах. "Пра падзеі ў краіне — я захоўваю нейтралітэт. Кожны бок па-свойму мае рацыю — і не мае адначасова. Таму я канкрэтнай пазіцыі не займаю", — заяўляе яна.

Паведамляецца, што дзяўчына родам з Барысава, вучыцца на інжынера лясной гаспадаркі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі