На палігоне пад Гроднам пройдзе вучэнне беларускіх і расійскіх дэсантнікаў
12 лістапада на палігоне "Гожскі" пад Гроднам пройдзе сумеснае вучэнне беларускіх і расійскіх дэсантнікаў, паведамляе прэс-служба Мінабароны. Яно праводзіцца "ў сувязі з нарошчваннем вайсковай дзейнасці паблізу дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь".
У вучэннях будзе задзейнічаная зводная батальённая тактычная група, расійскія ваенна-транспартныя самалёты Іл-76, а таксама верталёты ВПС і войскаў СПА Беларусі.
Беларускія і расійскія дэсантнікі адпрацуюць захоп і ўтрыманне плацдарма, пошук і знішчэнне вызначаных аб'ектаў, а таксама дыверсійна-разведвальных груп праціўніка і незаконных узброеных фарміраванняў.
Пасля адпрацоўкі ўсіх задач удзельнікі дэсанту вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі.
Варта адзначыць, што вучэнне праходзіць на фоне нарастання міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы. Палігон "Гожскі" размяшчаецца адносна недалёка ад яе.
Як распавядала Еўрарадыё, 10 лістапада межы Беларуст патрулявалі расійскія звышгукавыя бамбавікі ТУ-22М3, якія могуць несці ядзерны зарад. Іх палёты над Беларуссю, паводле заяваў Мінабароны, цяпер будуць рэгулярнымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.