На саміце G20 Трамп не ўтрымаўся і паглядзеў у бок Пуціна (фота)
У Буэнас-Айрэсе збіраюцца лідары краін G20 на штогадовы саміт. Як вядома, у яго рамках мусіла прайсці сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Але Трамп яе адмяніў пасля таго, як азнаёміўся з дакладам спецслужб аб інцыдэнце ў Керчанскім праліве. Там расіяне захапілі тры ўкраінскія караблі і 24 маракоў, якіх абвінавачваюць у парушэнні расійскай дзяржаўнай мяжы. Трое ўкраінцаў былі параненыя і знаходзяцца ў бальніцы, астатнія ўжо перавезеныя ў маскоўскі СІЗА "Лефортава".
На фота Reuters можна пабачыць, як Дональд Трамп, праходзячы міма расійскага прэзідэнта, не ўтрымаўся і кінуў позірк у яго бок. У Крамлі сцвярджаюць, што прэзідэнты прывіталі адзін аднаго.
"Бі-Бі-Сі" адзначае, што саміт можа прайсці не ў самай прыемнай атмасферы. Прычын хапае. Гэта і гандлёвая вайна паміж ЗША і КНР, і чарговы рост напружанасці ў дачыненнях з Расіяй, на гэты раз з-за інцыдэнта ў Керчанскім праліве.