На Статкевіча склалі пратакол за пікет — чым гэта яму пагражае

На Статкевіча склалі пратакол за пікет — чым гэта яму пагражае
Нягледзячы на адсутнасць дазволу ад ўладаў, Мікола Статкевіч праводзіць 10 верасня ля сталічнага ГУМа пікет “За сумленныя свабодныя выбары”. За што на яго проста падчас пікету быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Чым гэта можа пагражаць палітыку, які пасля вызвалення знаходзіцца пад прафілактычным наглядам міліцыі?
 
Усё будзе залежыць ад таго, якое пакаранне прызначыць Статкевічу суд, кажа юрыст Павел Сапелка.
 
“Калі па гэтым пратаколе ён будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, калі здзейсніць і зноў будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за такога ж кшталту правапарушэнне, калі будзе прадстаўленне органаў унутраных спраў пра перавод пад прэвентыўны нагляд і калі суд з гэтым пагодзіцца, то ён будзе знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам”, — тлумачыць юрыст.
 
Прафілактычны нагляд накладае на Міколу Статкевіча толькі адно абмежаванне: калі некуды з’язджае больш, чым на месяц — паведаміць супрацоўнікам міліцыі пра гэтыя свае планы. Ну, і сказаць, па якім адрасе яго шукаць, калі што. Іншая справа — нагляд прэвентыўны.
 
“Прэвентыўны нагляд азначае забарону на выезд за межы населенага пункта, ён павінен будзе з 8 гадзін вечара і да 8 раніцы знаходзіцца дома. Таксама такі нагляд дае права міліцыянерам правяраць, ці сапраўды ён знаходзіцца дома, і адпаведна — бесперашкодна заходзіць у кватэру. А таксама такі нагляд азначае, што чалавеку можа быць забаронена наведваць пэўныя месцы”, — кажа Павел Сапелка.
 
Ці ведае пра ўсё гэта Мікола Статкевіч? Як высвятляецца, і пра тое, да чаго могуць прывесці адміністрацыйныя пакаранні, калі знаходзішся пад прафілактычным наглядам, і чым гэта можа скончыцца, калі і далей чалавек “не стане на шлях выпраўлення”, Статкевіч добра ведае.
 
Мікола Статкевіч: “Мяне пра гэта папярэджвалі: калі будуць два адміністрацыйныя парушэнні, то будзе прэвентыўны нагляд. А калі будуць тры спагнанні падчас прэвентыўнага нагляду, то можа быць і крымінальная справа — я гэта ўсё ведаю”.
 
Сапраўды, парушальнік прэвентыўнага нагляду ў адпаведнасці з 421 артыкулам Крымінальнага кодэксу караецца арыштам на тэрмін да 6 месяцаў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 1 года. Але ведаючы гэта, Статкевіч не адмаўляецца ад сваіх планаў і далей праводзіць пікеты. Нават калі не атрымае на іх дазволу ўладаў.
 
“Безумоўна, не хацелася б зноў туды… І нават прафілактычнага нагляду не хацелася б, а тут — прэвентыўны! Але што рабіць? Гэта ганебная кампанія, але трэба скарыстаць яе для таго, каб хаця б зменшыць узровень страху ў краіне, крыху пабольшыць прастору для свабоды, прывучыць людзей і ўлады да таго, што людзі могуць мірна збірацца, выказваць свае меркаванні”.
 
Кажа, калі ў яго і ёсць нейкія перасцярогі, то толькі ў тым, што ўлады будуць… даваць спакойна збірацца.
 
“Каб такім чынам крыху павялічыць свае шансы, каб міжнародныя назіральнікі адзначылі пэўны прагрэс — што права на свабоду сходаў рэалізоўваецца”, — кажа Статкевіч.
 
Праўда, выказвае спадзяванне, што такія акцыі будуць спрацоўваць на “памяншэнне ўнутранай легітымнасці, бо людзі будуць бачыць, што нехта пратэстуе, нехта не згодны, не ўсё так гладка”.

 

Фота: kp.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі