На "студэнцкім" участку ў Гомелі датэрмінова прагаласавалі 73,7%
На ўчастку для галасавання №29 Цэнтральнага раёна Гомеля на датэрміновае галасаванне з'явіліся 73,7%. На ўчастку зарэгістравана 677 выбарцаў, 499 з іх прагаласавалі датэрмінова.
У каментары агенцтву БелаПАН назіральнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Віктар Адзіночанка паведаміў, што на гэтым участку галасуюць пераважна студэнты Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны.
"У нас няма фактаў, што студэнтаў гомельскіх ВНУ прымушалі або рэпрэсавалі за адмову прагаласаваць датэрмінова. Але што дэканы, куратары груп, загадчыкі інтэрнатаў настойліва рэкамендавалі наведаць участкі да асноўнага дня галасавання — гэта дакладна. І нават такія рэкамендацыі — гэта ўжо прымус, таму што калі цябе начальства просіць нешта зрабіць, цяжка адмовіцца", — лічыць Адзіночанка. На яго думку, на іншых "студэнцкіх" участках лічбы датэрміновага галасавання таксама будуць немалыя.
Адзіночанка кажа, што назіральнікі фіксуюць завышэнне яўкі выбарцаў. Напрыклад, на ўчастку №23 Савецкага раёна Гомеля назіральнік зафіксаваў 182 тых, хто прагаласаваў, а камісія ў пратаколе называе лічбу 427 чалавек.
На ўчастку №39 Чыгуначнага раёна і чальцы камісіі, і назіральнікі ад ветэранскай арганізацыі, арганізацыі "Белая Русь" і Саюза жанчын працуюць у адным працоўным калектыве. Па словах Адзіночанкі, у Гомелі часта чальцы ўчастковай камісіі, і праўладныя назіральнікі — з аднаго калектыву.