На ўборку снегу ў Мінску выйшла каля 350 адзінак тэхнікі (фота)

На ўборку снегу з дарог Мінска выпушчаная амаль уся тэхніка камунальнікаў — каля 350 адзінак. На ўборку не выйшлі толькі машыны, што знаходзяцца на рамонце.

“Снег пачаў выпадаць у 6 раніцы, і ў кожным раёне Мінска па-рознаму, — каментуе нападкі жыхароў сталіцы на павольную рэакцыю камунальнікаў кіраўнік дыспетчарскай службы “ГаррэмаўтадораУладзімір Кульбіцкі. — Мы назіралі, трымалі сітуацыю пад кантролем, дзе была патрэбная тэхніка, туды адпраўлялі. Не па першай жа сняжынцы тэхніку з гаражоў выганяць. Перакананы, што мы ўсё ў час адпрацавалі, не затрымаліся. Па нашай віне нідзе транспарт не стаяў. Транспарт стаяў толькі, калі на скрыжаваннях былі аварыі. Але па нашай віне ні адна машына не затрымалася ў снезе”.

Калі дарогі сталіцы будуць цалкам ачышчаныя, Уладзімір Кульбіцкі казаць не бярэцца, бо снег ідзе да гэтага часу і не вядома, колькі яшчэ яго выпадзе. 

“У другой палове дня снег крыху перастане, бо асноўная маса ўжо пайшла на ўсход краіны, — каментуе кіраўнік метэаслужбы Дзмітрый Рабаў. — З невялікімі перапынкамі, але снег будзе ісці пастаянна. Ветранае надвор’е захаваецца да канца тыдня. У суботу ў нас на большай тэрыторыі ападкі ў выглядзе снегу, а па захадзе — з дажджом. Ноччу месцамі захаваецца ўзмацненне ветру з парывамі да 18 метраў за секунду”.

Але самай небяспечнай для аўтааматараў Дзмітрый Рабаў лічыць нядзелю. Вецер узмацніцца, парывы будуць дасягаць 20-25 метраў за секунду. Беларусь трапіць пад уплыў глыбокага цыклону, які будзе перасоўвацца з поўдня Нарвегіі на фінскі заліў. Па ўсёй тэрыторыі чакаюцца ападкі. Тэмпература паветра па Мінску будзе каля 0.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі