На вайскоўца ці аграінжынера можна паступіць, здаўшы мову на 5 балаў са 100

На вайскоўца ці аграінжынера можна паступіць, здаўшы мову на 5 балаў са 100

Мінадукацыі зацвердзіла балы, якія трэба набраць на тэставанні, каб мець права паступіць ва ўніверсітэт. Як і ў мінулым годзе, спецыяльнасці падзяліліся на профільныя і няпрофільныя. Калі вы паступаеце, напрыклад, на філалагічны факультэт, то па мове неабходна атрымаць больш за 19 балаў. Калі мова не профільны прадмет — больш за 9 балаў.

Але для некаторых спецыяльнасцяў ёсць выключэнні. Калі вы паступаеце у вышэйшыя навучальныя ўстановы Мінабароны, МНС, Памежнага камітэта, МУС на дадатковым наборы — дастаткова здаць тэставанне на пяць балаў.

"Зніжка" таксама кранаецца спецыяльнасцяў "Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства", "Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый", "Меліярацыя і водная гаспадарка", "Аграінжынер".

На вайскоўца ці аграінжынера можна паступіць, здаўшы мову на 5 балаў са 100

У Беларусі ўстанавілі мінімумы балаў па цэнтралізаваным тэставанні ў 2016 годзе

Адпаведная пастанова Міністэрства адукацыі ад 3 сакавіка была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як набраць 5 балаў са 100, цікавімся ў рэпетытараў.

"Тэставанне за апошнія гады спрасцілася на столькі, што 30-40 балаў можна набраць, калі ведаеш праграму да дзявятага класа. Для пяці балаў у цэлым хопіць табліцы множання. Трэба ўмець лічыць, адчыняць дужку і ведаць самыя простыя ўраўненні", — апісвае рэпетытар фізікі і матэматыкі Аляксей Васілеўскі.

Калі здаваць гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю ці грамадазнаўства, то тыя ж пяць балаў можна набраць проста выпадкова, паставіўшы крыжыкі наўгад.

"Можна нічога не ведаць. Проста прыйсці на гэты тэст і напісаць наўгад. Трэба быць няўдачнікам па жыцці, каб не набраць пяць балаў са ста", — кажа рэпетытар Аляксандр Луцэвіч.

Па англійскай мове дастаткова ведаць асновы граматыкі, і ты ўжо можаш падавацца, напрыклад, на аграінжынера, вайскоўца ці ратавальніка.

"Самыя базавыя рэчы трэба ведаць. Хаця б мінімальны слоўнікавы запас і асновы граматыкі. А можа, проста пашанцуе і набярэш", — апісвае рэпетытар англійскай мовы Ганна.

Каб паступіць летась на "упраўленне танкавымі падраздзяленнямі" у вайсковую акадэмію, трэба было мець 108 балаў з 400 магчымых.

На "меліярацыю і водную гаспадарку" бралі са 140 баламі з 400 магчымых на бюджэт.

У Вайсковай акадэміі Еўрарадыё патлумачылі, што абітурыенты праходзяць апроч экзаменаў медыцынскую камісію і мусяць валодаць добрай фізпадрыхтоўкай.

А на гэтым адборы многія адсейваюцца. Да таго ж, вельмі мала абітурыентаў набіраюць усяго пяць балаў са ста па адным экзамене. Гэта 5%, кажуць у Акадэміі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі