На волю выйшаў і з'ехаў з Беларусі палітвязень Аляксандр Івулін

Аляксандр Івулін / Instagram
Аляксандр Івулін / Instagram

На волю выйшаў палітвязень Аляксандр Івулін. Спартыўны журналіст і футбаліст знаходзіўся за кратамі з чэрвеня 2021 года. Яго вызвалілі 17 лютага. "Трыбуна" паведамляе, што Івулін ужо з'ехаў з Беларусі.

У студзені 2022-га ў Мінску Аляксандра Івуліна асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" — за ўдзел у вулічных пратэстах 2020 года. Беларускія праваабаронцы прызналі Івуліна палітвязнем.

Аляксандр Івулін — аўтар праекта "ЧестнОК" на YouTube. У 2021-м ён паспрабаваў сябе, як футбаліст у складзе футбольнага клуба першай лігі беларускага чэмпіянату "Крумкачы". Журналіст і блогер перад арыштам паспеў забіць свой першы гол.

"Усе гэтыя 624 дні, пакуль мы не бачыліся, вам было нашмат складаней, чым мне, піша Івулін у Instagram. — Вас палохала невядомасць. Вы не ведалі, як я і што са мной. Не ведалі, як мне дапамагчы. Пры гэтым рабілі ўсё магчымае, каб па той бок плота мне жылося крыху прасцей. Рабілі так шмат, што я пакуль не магу ўсвядоміць увесь маштаб... Нізкі паклон усім і кожнаму за салідарнасць і падтрымку. Гэта вельмі каштоўна. Гэта не забываецца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі