На жыхара "Плошчы Перамен" Сцяпана Латыпава пачалі крымінальную справу
Крымінальную справу пачалі на Сцяпана Латыпава — жыхара дома па Сморгаўскім тракце, 1, дзе знаходзіцца славутая "Плошча Перамен". Пра гэта паведаміў яго адвакат Ілля Пярхальскі. Падрабязнасці юрыст не ўдакладніў.
Латыпава затрымалі зранку 15 верасня, калі да мурала з Дыджэямі Перамен прыехала міліцыя. Мужчына настойліва прасіў міліцыянтаў прадставіцца, і ў выніку яго затрымалі. У кватэры Латыпава прайшоў ператрус.
Мінчуку 40 гадоў, ён займаецца прамысловым альпінізмам. У яго рэдкая для Беларусі спецыяльнасць — арбарыст. Латыпаў працуе ў камандзе, якая даглядае і лечыць дарослыя дрэвы, а калі яны паміраюць — пілуюць іх. Пяць гадоў таму арбарыстаў у Беларусі было ўсяго 50 чалавек.
Калі Латыпава выводзілі з дома, жыхары сустракалі яго як героя. Міліцыянтам яны крычалі "Ганьба!".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.