Нацбанк: Самалёты з доларамі, вобразна кажучы, на падлёце
“Валюта, якую прывязуць самалёты, не пойдзе ў банкі”, — гаворыць аналітык Сяргей Чалы.
У першым жа абменніку “Ideabank”, што на плошчы Незалежнасці ў Мінску, знаходжу валюту — і адразу 4500 долараў, нікому не патрэбныя!
Супрацоўнік банка Зміцер кажа, што грошы з’явіліся цягам дня.
“Вось паўдня прайшло, нехта здае, нехта купляе, гэта не рэзервы банка”, — запэўнівае Зміцер.
Курс набыцця валюты ў насельніцтва ў гэтым банку, як загадаў Нацбанк, змяніўся: курс пакупкі тут 13760, а продажу — 11135 рублёў за долар. Калі ўлічваць 30% камісіі, дык курс долара тут 14470 рублёў.
“Вось 140 долараў”, — паказвае банкноты касірка “Беларусбанка”. Тут, нягледзячы на рэкамендацыю Нацбанка, змяніць курс пакупкі валюты ў насельніцтва не здагадаліся: на 13.00 аўторка курс набыцця валюты быў меншы, чым продажу: 11090 да 11148! Цяпер гэта дзіўна!
“У нас працуюць дзве касы — у адной будзе долараў 200 і ў другой сто, — кажуць мне ў абменніку “Беларусбанка” на праспекце Пушкіна ў Мінску. — Але ў нас вялікія чэргі, людзі адкрываюць і працягваюць дэпазіты ў рублёвых укладах. Можа так стацца, што, калі вы даедзеце, гэтыя грошы нехта набудзе”.
Множнасць курсаў, адсутнасць валюты плюс 30% камісіі на набыццё валюты ў насельніцтва, але курс Нацбанка амаль не змяняецца. Ці можна гэта назваць дэвальвацыяй?
Нацбанк кажа, што ніякай дэвальвацыі не было і не можа быць.
“Палітыка курсаўтварэння не змянялася. Самалёты, вобразна кажучы, на падлёце. І, як сказала на мінулым тыдні старшыня Нацбанка, цягам тыдня сітуацыя выраўняецца”, — кажуць у прэс-службе Нацбанка.
Эканаміст Сяргей Чалы сітуацыю таксама не называе дэвальвацыяй, а множнасцю курсаў. Дэвальвацыі ніякай няма, але 30% камісіі — гэта прымітыўныя меры, якія вырашылі такую ж прымітыўную задачу аб зняцці ажыятажу без вырашэння больш глыбокіх праблем. Але такія меры прывядуць да яшчэ большай неразбярыхі.
“Цяпер Нацбанк вырашае сімптомы праблемы, а не саму праблему. Растуць цэны, давайце весці барацьбу з цэнамі. Расставілі ногі паміж пакупкай і продажам 30% камісіі і ой! Ніхто не нясе валюту ні прадаваць, ні купляць, давайце прыдумаем, каб было не 30%, а 5%. Можна напрыдумляць многа чаго, фантазія ў нас багатая”, — кажа эканаміст.
На думку Чалага, сітуацыя можа цягнуцца вельмі доўга. Да прыкладу, падчас аналагічнай сітуацыі ў 2011 годзе напружанасць захоўвалася шэсць месяцаў. Але тады, як заўважае эканаміст, эканамічная сітуацыя была больш аптымістычнай і ў лепшым стане, чым цяпер:
“Калі высветліцца, што курс, па якім людзі гатовыя паміж сабой абменьвацца валютай, закладаць у кошты, ніжэйшы, значыць, валюты ў абменніках не будзе. Цяпер ідзе гаворка пра тое, што валюта, якую прывязуць самалёты, не пойдзе ў банкі. Пасля сённяшняга рашэння банкі будуць вымушаныя працаваць з той валютай, якую здадуць, як гэта было ў 2011 годзе: калі стаіць чарга і чакае ідыёта, гатовага здаць валюту. Гэта можа цягнуцца вельмі доўга. У 2011 годзе цягнулася паўгода, хоць тады сітуацыя была лепшай чым цяпер. У выніку мы прыйшлі да таго, што не ведаем сапраўдных курсаў валют і сапраўдных цэнаў. У нас гэта можа цягнуцца вельмі і вельмі доўга. Але гэта дарога ў нікуды”.
Усе праблемы з валютай павінныя вырашыцца ў пачатку гэтага тыдня, абяцае старшыня Нацбанка Надзея Ермакова.