Начальніцу ўпраўлення Мінздароўя, якая адказвала за лекі, асудзілі на 6 гадоў
Былую начальніцу ўпраўленне Мінздароўя, адказную за лекі, Людмілу Равуцкую суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў вінаватай у атрыманні хабараў і махлярстве. Ёй прысудзілі шэсць гадоў пазбаўлення волі, піша TUT.by.
У сваім апошнім слове Равуцкая заявіла, што прымала падарункі — цукеркі ды кветкі, а грашовыя хабары ніколі не брала. "Калі ласка, не карайце мяне за таго, чаго не здзяйсняла. Ніколі ў жыцці не прымала ніякіх грошай. Пакарайце за тое, што прымала", — папрасіла жанчына.
Акрамя зняволення Равуцкай забаронена пяць гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Таксама яна павінна заплаціць 584 рублі працэсуальных выдаткаў. Суд пастанавіў канфіскаваць у яе iPhone, кандыцыянер і крэсла.
Суд вынес прыватнае вызначэнне на адрас Міністэрства аховы здароўя. Маўляў, калі Равуцкая прымала падарункі, дык гэта гаворыць пра "адсутнасць належнага кантролю з боку намесніка міністра". На працягу месяца міністр аховы здароўя павінен паведаміць суду аб прынятых мерах па выпраўленні парушэнняў.
Суд прыбраў абвінавачанне Равуцкай у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, але прызнаў яе вінаватай у атрыманні хабару паўторна.
Абвінавачанне настойвала, што жанчына атрымала падарункі і хабар на 52 тысячы рублёў. Аднак суд прызнаў яе вінаватай у атрыманні толькі 7906 рублёў.
Людмілу Равуцкую затрымалі ў верасні 2018 года. Следства заяўляла, што яна брала хабар за перарэгістрацыю лекаў, унясенне змяненняў і падаўжэнне рэгістрацыі, выдачу ліцэнзіі кампаніі "Стымэнерджы" на фасоўку і ўпакоўку прэпаратаў. Агульная сума — 48 500 рублёў, гэтую суму абвінавачаная пералічыла на рахунак Следчага камітэта.
У якасці хабару на судзе фігуравалі кветкі, сыр, віно, цукеркі, штодзённікі і абеды. Сама Равуцкая заявіла, быццам лічыла, што так яе ад душы віншуюць са святамі, і прымала падарункі.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.