Начная крама: Абарот павялічыўся ў 4 разы, гарэлку не паспяваем закупляць
Еўрарадыё пацікавілася ў "начніках", што змянілася пасля адмены абмежаванняў на продаж алкаголю.
Абмежаванні на начны гандаль алкаголем скасавалі 26 жніўня. Здарылася гэта пасля крытычнага выступу Лукашэнкі.
І вось ад моманту вяртання легальнага алкаголю ў начное жыццё мінуў тыдзень. Цікавімся ў мінскіх "начніках", ці змяніўся ў іх тавараабарот.
“Выручка паднялася ў чатыры разы. І алкаголь, і спадарожныя тавары”, — здзіўляюць вялізнай лічбай у краме Preston, якая знаходзіцца па праспекце Машэрава ў сталіцы.
Пры гэтым нават у краме не прагназавалі, што мінчане і госці сталіцы кінуцца да іх літаральна лавінай.
“Мы не чакалі такога наплыву пакупнікоў. Проста працуем з колаў. Аплацілі “Крышталю”, у гэты ж дзень адгрузілі, прадалі. Далей працэс паўтараецца”, — апісваюць у краме.
Што праўда, не ўсе “начнікі” адчуваюць такі шалёны рост тавараабароту.
“Павялічыўся працэнтаў на 15-20. Наша крама заўжды працавала круглыя суткі. Нават тады, калі ўводзілася абмежаванне. Толькі алкаголь тады ў начны час прадаваць мы перасталі”, — дзеляцца інфармацыяй у краме пры чыгуначным вакзале Мінска.
Нягледзячы на тэндэнцыі, пашыраць гандаль беларускім алкаголем па ўсіх франтах, не ўсе крамы збіраюцца аднаўляць начны гандаль.
Да прыкладу, універсам “Першамайскі” ў мінскім раёне Уручча некалі быў папулярным "начніком". У кастрычніку 2013-га начны гандаль вырашылі спыніць.
“Мы не плануем вяртацца да начнога рэжыму працы. Калі шчыра, ніколі не рабілі вялікай стаўкі на алкаголь. Мы заўсёды выконвалі заканадаўства ў поўнай меры, але таксама мы патрыёты Беларусі. Пажадана, каб у нас была здаровая нацыя”, — расстаўляюць акцэнты ва ўніверсаме “Першамайскі”.
31 жніўня стала вядома пра новыя патрабаванні аб рэалізацыі пладовых і фруктова-ягадных вінаў, якія ў народзе называюць “чарнілам”. Усе харчовыя крамы могуць абавязаць гандляваць гэтай прадукцыяй.
Раней грамадская думка была такой, што “чарніла” — апошняя стадыя спойвання для многіх беларусаў. Аднак сёння Мінгандлю прасоўвае новую ідэалагічную канцэпцыю: такія віны беларускай вытворчасці якасныя і ледзьве не карысныя для здароўя.
“З адкрыцця крамы мы ніколі не гандлявалі пладова-ягаднымі вінамі і ніколі не будзем імі гандляваць. У нас ёсць партугальскі “Партвейн”. Гэта адзіная пазіцыя па мацаваных вінах. Мы заўжды былі прыхільнікамі продажу тавараў, не ніжэйшых за сярэдні ўзровень. Тым больш, калі гэта тычыцца алкаголю. Культура піцця павінна быць на высокім узроўні. Лепш менш, але каб прадукцыя была якаснай”, — лічаць у краме Preston.
Нагадаем, што нядаўняе зняцце абмежаванняў на начны гандаль алкаголем патлумачылі тым, што ў Беларусь сталі пастаўляць шмат кантрафакту. Пры гэтым не паведамлялася, чаму агромісты штат беларускіх праваахоўнікаў не можа справіцца з кантрабандыстамі.
Беларускія нарколагі прытрымліваюцца меркавання, што ранейшыя абмежавальныя меры наконт продажу алкаголю былі плённымі, а змаганне з дэалкагалізацыяй грамадства сёння трэба працягваць.
Краіна, дзе п’юць больш за 8 літраў, вымірае. У Беларусі п'юць па 14 літраў
Паказчыкі спажывання спіртнога на душу насельніцтва ў Беларусі крытычныя.
Фота TUT.BY