Начштаба Лукашэнкі: Нашаму кандыдату ўдзяляецца недастаткова ўвагі

Начштаба Лукашэнкі: Нашаму кандыдату ўдзяляецца недастаткова ўвагі

Дзве скаргі і адзін зварот кандыдата ў прэзідэнта Таццяны Караткевіч разглядзеў сёння Цэнтрвыбаркам на адмысловым пасяджэнні. І ўсе яны тым ці іншым чынам былі звязаныя з другім кандыдатам у прэзідэнты, Аляксандрам Лукашэнкам.

Што канкрэтна мае Таццяна Караткевіч да дзеючага кіраўніка краіны?

Найперш, яна паскардзілася на “парушэнні выбарчага заканадаўства падчас вядзення перадвыбарчай агітацыі ў падтрымку кандыдата Лукашэнкі”. Галоўных парушэнняў два.

1.Выкарыстанне ў СМІ “птушачкі” ў колерах дзяржаўнага сцяга з агітацыйнага плаката кандыдата Лукашэнкі. Маўляў, тое, што ў дзяржаўных СМІ любы матэрыял выбарчай тэматыкі пазначаецца такой “чырвона-зялёнай птушачкай” стварае ў выбаршчыкаў уражанне закліку галасаваць за аднаго, вядомага ўсім кандыдата.

Тлумачэнне Марыяны Шчоткінай, кіраўніка выбарчага штаба Аляксандра Лукашэнкі.

Начштаба Лукашэнкі: Нашаму кандыдату ўдзяляецца недастаткова ўвагі

На наш погляд нашаму кандыдату ўдзяляецца недастаткова ўвагі, як кандыдату ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Бо тая ж “птушачка” — сімвал мабільнага дадатка для смартфонаў “Выбар-2015”, і калі ўважліва паглядзець, то бачна, што там, калі апускаецца бюлетэнь з “птушачкай”, ёсць агітацыя за Гайдукевіча, за Улаховіча, за Караткевіч. За Лукашэнка гэта адсутнічае…”

Марыяна Шчоткіна

“Сродкі масавай інфармацыі не ўзгаднялі ні са штабам, ні з нашым кандыдатам выкарыстанне дадзенага элемента. І трэба сказаць, што ў 2010 годзе прэзідэнцкая кампанія таксама праходзіла з выкарыстаннем гэтага сімвала. Гэта лагатып любой выбарчай кампаніі і ён выкарыстоўваецца заўжды. Яго мэта — прыцягнуць увагу да выбараў. Хачу, як кіраўнік выбарчага штаба, сказаць, што на наш погляд нашаму кандыдату ўдзяляецца недастаткова ўвагі, як кандыдату ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Бо тая ж “птушачка” — сімвал мабільнага дадатка для смартфонаў “Выбар-2015”, і калі ўважліва паглядзець, то бачна, што там, калі апускаецца бюлетэнь з “птушачкай”, ёсць агітацыя за Гайдукевіча, за Улаховіча, за Караткевіч. За Лукашэнка гэта адсутнічае…”

Выснова па абвінавачванні ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай:

“Караткевіч паўсюль фатаграфуецца з брошкай у выглядзе чайкі, але ў колерах бел-чырвона-белага сцяга. Дакладна такі ж сімвал друкуе на сваёй вокладцы, характарызуючы тэму выбараў, газета “Наша Ніва”. Так што, мы прыцягнем “Нашу Ніву” за тое, што яна піярыць не за кошт выбарчага фонду спадарыню Караткевіч? Думаю, што мы чапляемся да дробязяў…”

                                     Лідзія Ярмошына

2. Выпуск фабрыкай “Світанак” маек з выбарчым лозунгам кандыдата Лукашэнкі і продаж іх у крамах.

             Ігар Лялькоў, прадстаўнік Таццяны Караткевіч у ЦВК

Тлумачэнне Марыяны Шчоткінай, кіраўніка выбарчага штаба Аляксандра Лукашэнкі.

“Гэта камерцыйная дзейнасць арганізацыі. Выраб гэтай прадукцыі ні са штабам, ні з кандыдатам не ўзгадняўся. Ёсць выбарчыя рахункі, мы свой адкрылі 11 верасня, і распараджаюся гэтым рахункам я — кіраўнік выбарчага штаба. Дык вось, мы ніколі ніякіх маек не замаўлялі і замаўляць не будзем. Па дзвюх прычынах. Найперш таму, што яны нам не патрэбныя. Бо ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам раздаваць не пікетах і падчас масавых мерапрыемствах мы можам друкаваную прадукцыю. І мы ўсе свае высілкі скіравалі на друкаваную прадукцыю. Былі падказкі дабразычліўцаў: “Майкі ўжо ў продажы, вы аплаціце нешта з рахунка і скажыце, што гэта ваша агітацыя”. Гэта не наша агітацыя! Мы не маем да гэтага ніякага дачынення і ніякіх растрат грошай з нашага рахунку на гэта не будзе!”

Выснова па скарзе ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай:

“Любая выбарчая прадукцыя і агітацыйная лічыцца такой, калі яна раздаецца і распаўсюджваецца ў месцах правядзення агітацыі. Майкі ты не раздаюць, а прадаюць. Таму называць гэтую прадукцыяй агітацыйнай і вырабленай не за кошт сродкаў выбарчага фонду — гэта вельмі смелае меркаванне, якое нічога агульнага не мае з рэчаіснасцю і той сітуацыяй, якую мы назіраем цяпер”.

Цэнтрвыбаркам прымае рашэнне — скаргу Таццяна Караткевіч адхіліць.

Падставай для другой скаргі у ЦВК Таццяны Караткевіч стаў заклік дэлегатаў Афіцэрскага сходу Узброеных сіл Беларусі да ваеннаслужачых і чальцоў іх сем’яў прагаласаваць за Лукашэнку. Як вядома, Аляксандр Лукашэнка — Галоўнакамандуючы, што дае падставы Караткевіч западозрыць яго ў злоўжыванні службовым становішчам.

Тлумачэнні памочніка міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах генерал-маёра Аляксандра Гуры:

Начштаба Лукашэнкі: Нашаму кандыдату ўдзяляецца недастаткова ўвагі

Непрыняцце такога рашэння з’яўлялася б відавочнай праявай непавагі да тых афіцэраў, якія сёння выконваюць баявыя задачы, знаходзяцца ў палях на вучэннях, пражываюць у аддаленых гарнізонах. А таксама да ўбеленых сівізной ветэранаў, афіцэраў у запасе і ў адстаўцы, што чакалі падтрымкі сваіх прапаноў вышэйшым афіцэрскім форумам. 

Аляксандр Гура

“Сход не мае права адмаўляць дэлегату выказваць меркаванне вайсковага калектыву, які яго дэлегаваў на той сход. Ініцыятыва, прапанаваная з месцаў тымі людзі, якія выконваюць баявыя задачы па нясенні баявых дзяжурстваў, была агучаная некалькімі дэлегатамі. І з улікам таго, што была падтрыманая не проста большасцю галасоў, а аднагалосна, трэба разумець важнасць грамадскага меркавання ў гэтай абстаноўцы: непрыняцце такога рашэння з’яўлялася б відавочнай праявай непавагі да тых афіцэраў, якія сёння выконваюць баявыя задачы, знаходзяцца ў палях на вучэннях, пражываюць у аддаленых гарнізонах. А таксама да ўбеленых сівізной ветэранаў, афіцэраў у запасе і ў адстаўцы, што чакалі падтрымкі сваіх прапаноў вышэйшым афіцэрскім форумам. Таму разглядаць меркаванне вайсковых афіцэрскіх калектываў, агучанае дэлегатамі, як нейкі адміністрацыйны рэсурс, некарэктна”.

Выснова па скарзе ад сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка:

“Гэта ініцыятыва саміх удзельнікаў сходу, да якой сам кандыдат, сам Галоўнакамандуючы ніякага дачынення не мае. Таму папракаць яго выкарыстаннем службовага становішча для прыняцця такой рэзалюцыі будзе незаконна, бо ён ніякага дачынення да гэтай рэзалюцыі не мае”.

Цэнтрвыбаркам прымае рашэнне, і гэтую скаргу Таццяны Караткевіч ЦВК адхіліць.

А яшчэ Караткевіч звярнулася з просьбай перадаць ёй нявыкарыстаны кандыдатам Лукашэнкам час выступу па тэлебачанні. “А ў нас няма афіцыйнай заявы кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі, што ён адмаўляецца ад свайго часу на тэлебачанні!” — выдае першы аргумент для адмовы ў задавальненні звароту Мікалай Лазавік. але мае ў запасе і яшчэ адзін.

Мікалай Лазавік: “Ужо тэрмін выступу прайшоў, Аляксандр Рыгоравіч не скарыстаўся гэтым часам і ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам гэты час не можа быць адноўлены і па-сутнасці ён не мае чаго прапанаваць некаму іншаму, калі б нават і захацеў”.

                            Мікалай Лазавік

Адпаведна, і гэты зварот Караткевіч члены ЦВК не задавальняюць. Затое, задаволеная застаецца старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына: тым, што, па яе словах, камісія збіраецца, каб разглядаць такія “нязначныя” скаргі. А ніякіх сур’ёзных парушэнняў, маўляў, проста не адбываецца.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі