Націснуў па неасцярожнасці: кіроўцаў "Мінсктранса" схіляюць адмовіцца ад петыцыі
Кіраўніцтва “Мінсктранса” настойліва заклікае кіроўцаў тралейбусаў адклікаць свае подпісы пад калектыўнай петыцыяй са скаргай на ўмовы працы. Людзям нават прапаноўваюць на выбар варыянты, па якой прычыне іх прозвішча апынулася ў калектыўнай скарзе:
“1. Праз пачуццё салідарнасці. 2. Праз няведанне персанальнага камп’ютара (націснуў па неасцярожнасці). 3. Подпіс паставіў сын ці іншы сваяк. 4. Даў пакарыстацца сваёй электроннай поштай іншаму чалавеку”.
Кіроўцы мінскага грамадскага транспарту паскардзіліся ў Мінпрацы і пракуратуру ў сярэдзіне лютага. Потым на сайце petitions.by з’явілася калектыўная петыцыя, якую падпісалі больш за 1300 чалавек. Кіроўцы абураныя няспраўнасцю тэхнікі, парушэннем права на адпачынак, стаўленнем да іх з боку кіраўніцтва:
“У большай часткі тэхнікі, якая выязджае на лінію, не працуюць прадугледжаныя канструкцыяй транспартнага сродку шклоамывальнікі. Для чысткі шкла выкарыстоўваем бутэлькі з вадой на станцыях, шчоткі не чысцяць зону бачнасці кіроўцаў. Фары свецяць умоўна і не асвятляюць цёмныя ўчасткі дарогі”.
Аўтары петыцыі накіравалі яе ў Генеральную пракуратуру Беларусі і Камітэт дзяржкантролю. Замест таго, каб вырашаць праблемы кіроўцаў, іх скаргу пусцілі па ўстановах. Амаль за два тыдні скарга прайшла праз Мінпрацы, Дзяржтэхагляд, Федэрацыю прафсаюзаў, Мінэнерга, ДАІ і нават Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Але ніводная ўстанова не дала канкрэтнага адказу.
“Пляваць дырэктары хацелі на кіроўцаў”
Кіроўца тралейбуса Яўген распавёў Еўрарадыё, што пасля калектыўнай скаргі ў аўтапарках пачаліся некаторыя змены.
“Пачалі нешта рамантаваць, — кажа Яўген. — Аднаўляюць падагрэў люстэркаў, шклоамывальнікаў. Сядзенні аднавілі амаль на ўсіх машынах, запчасткі закупляюць. Карацей, рух пайшоў. Нешта робіцца. Раней таксама рамантавалі: калі пашанцавала — з першага разу зрабілі, калі не — з пятага. Увогуле, тралейбусы у нашым парку апошні раз абнаўляліся тры гады таму”.
Па словах Яўгена, петыцыя выклікала шуміху ў кіраўніцтве “Мінсктранса”, а ў аўтапарках пачаліся сходы. На гэтых сходах кіроўцам прапануюць адмовіцца ад прэтэнзій да кіраўніцтва і адклікаць свае подпісы.
Як адбываюцца сходы кіроўцаў і ці ціснуць там на тых, хто падпісаў скаргу?
“Нам хочуць данесці, што петыцыя незаконная, — распавядае Яўген. — Маўляў, сама пляцоўка незаконная. Усе разумеюць, што адбываецца, таму асабліва ніхто не звяртае ўвагі. Я б не сказаў, што ідзе нейкі ціск. Хутчэй, у спробах канструктыўнага дыялогу ўсё адбываецца. Гэтай справай чыноўнікі заняліся, але... калі б нас чулі! Большасць кіраўнікоў тралейбусных, аўтобусных паркаў — чырвоныя дырэктары. Яны сядзяць у кабінетах па 15-20 гадоў. Пляваць яны хацелі на тое, што адбываецца ў кіроўцаў”.
Дырэктар “Мінсктранса” ў адпачынку?
У “Мінсктрансе”, куды звярнулася Еўрарадыё, кажуць, што начальнік у адпачынку, а ўсе яго намеснікі занятыя.
“Дасылайце свае пытанні па факсе ці па электронцы, — адказалі там. — Як па тэлефоне ўдакладніць? У людзей працоўны дзень. Намеснікі дырэктара петыцыяй кіроўцаў і займаюцца. Напрыклад, цяпер выконваючага абавязкі, каб пагаварыць з вамі, няма на месцы. Таму дасылайце свае пытанні”.
“Большасць тых, хто падпісаў — не нашы работнікі”
У “Аўтобусным парку №6”, дзе на наступным тыдні таксама пройдзе сход, Еўрарадыё распавялі, што некаторыя з іх кіроўцаў падпісалі петыцыю праз салідарнасць з калегамі.
“Ніякія заявы мы не давалі падпісваць, — адказаў намеснік дырэктара Сяргей Краўчанка. — Сход кіроўцаў яшчэ будзе. Па нашым парку пытанняў не было. Мы сходы рэгулярна праводзім, пытанні вытворчыя вырашаем. Узнікаюць пытанні — вырашаем. Ёсць некалькі чалавек, якія падпісалі скаргу. Яны кажуць, што падпісаліся, каб падтрымаць тралейбуснікаў, бо раней самі там працавалі”.
Кіраўніцтва “Тралейбуснага парка № 4” каментаваць сітуацыю адмовілася. З усімі пытаннямі там параілі звяртацца ў “Мінсктранс”.
Дырэктар “Тралейбуснага парка № 5” Аляксей Карабань распавёў Еўрарадыё, што сходы для кіроўцаў праходзяць па ініцыятыве Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Мінпрацы.
“За ўсімі каментарыямі звяртайцеся да іх, — адказаў Аляксей Карабань. — Мы прадстаўляем толькі пляцоўку. Яны [кіроўцы. — Еўрарадыё] не да нас звярнуліся, а ў дэпартамент і іншыя дзяржаўныя органы. Не магу расказаць, як у нас гэты сход прайшоў. Не маю права. Невядома, хто там падпісаў гэтую петыцыю. Паглядзіце, хто работнік, а хто не. Там і з Канады, і з Аўстраліі людзі. Большасць тых, хто падпісаў, — не нашы работнікі”.
Мінпрацы: “Ідуць сустрэчы, каб зразумець кіроўцаў”
У Мінпрацы Еўрарадыё паведамілі, што скаргі разглядаюцца, але вынікаў пакуль няма.
“Цяпер ідуць сустрэчы з калектывамі аўтапаркаў, работнікі якіх падпісаліся пад петыцыяй. Ідуць сустрэчы, каб разумець, што і як”, — адказала прэс-сакратар міністэрства Вольга Шцін.