Намеснік міністра ўнутраных спраў распавёў, як затрымоўвалі "Сашка Білага"
Ён сам сябе параніў падчас затрымання. Пра гэта сведчаць папярэднія высновы патолагаанатамаў.
Па словах першага намесніка міністра ўнутраных спраў Украіны Уладзіміра Еўдакімава, якія перадае news.liga.net, крымінальная справа на Сашка Білага па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса была адкрыта яшчэ 8 сакавіка. За ім значыцца "цэлы букет злачынстваў" — у прыватнасці, справа была пачатая за бандытызм. План спецаперацыі па затрыманні "Сашка Білага" і дастаўкі яго ў суд МУС распрацоўваў з 12 сакавіка. Спецаперацыя двойчы пераносілася, "каб не пацярпелі людзі, каб не рабіць затрымання ў натоўпе грамадзян".
Еўдакімаў таксама распавёў, як праходзіла затрыманне. Паводле яго слоў, аўтамабіль забітага стаяў каля кавярні, у машыне былі тры яго паплечнікі, узброеныя аўтаматам і пісталетам. Калі пачалося затрыманне, міліцыя выкарыстала абавязковыя воклічы: "Стаяць! Міліцыя! Не рухацца!" Паплечнікаў Білага ўдалося нейтралізаваць хутка, аднак сам Музычка паспрабаваў уцячы, адстрэльваючыся з пісталета.
Па словах Еўдакімава, Музычка зрабіў прыцэльныя стрэлы па супрацоўніку "Сокала", які цудам застаўся жывы. "Адна куля трапіла проста ў спецыяльныя акуляры на касцы, куля прабіла акуляры, стукнулася ў каску, зрыкашэціла ў правае перадплечча, засталася ў мяккіх тканках. Другая трапіла ў пагон. Пасля гэтага гэты супрацоўнік законна, у рамках загадаў і нарматываў, зрабіў прыцэльныя стрэлы па нагах", — сказаў Еўдакімаў. Па яго словах, абследаванне цела паказала, што міліцыянт двойчы трапіў у ногі Біламу. Пасля гэтага Білы пачаў кульгаць.
Міліцыянт паспрабаваў паваліць яго на зямлю. Білы зноў стрэліў два разы, у яго паспрабавалі забраць зброю. Ён ляжаў тварам уніз, рука на зямлі пад сабой. Па словах Еўдакімава, ён спрабаваў рухам збоку з-за спіны разабрацца з міліцыянтам, які быў ззаду.
Міліцыя спрабавала абяззброіць Білага, але " ерашкаджалі 130 кілаграмаў вагі", кажа Еўдакімаў. Толькі пасля трэцяга стрэлу ў бок міліцыянтаў у Сашка Білага забралі пісталет і надзелі на яго кайданкі. Пасля гэтага міліцыянты пабачылі кроў і выклікалі хуткую дапамогу.
Еўдакімаў кажа, што Білы быў забіты са сваёй зброі, з якой ён страляў па міліцыянтах. Прычым адна куля трапіла яму ў сэрца. "Тут пытанне: ён хацеў сябе застрэліць ці ён хацеў стрэламі ўразіць тых, па кім страляў у першыя разы", — заявіў намеснік міністра.
Ён дадаў, што дзеянні міліцыі былі правільнымі, законнымі, прафесійнымі, але ў кожным разе ў сувязі з ужываннем зброі будзе праведзена службовае расследаванне, у тым ліку і Генпракуратурай.