Намесніка старшыні Мінскага райвыканкама будуць судзіць за карупцыю
Пракуратура Мінскай вобласці перадала ў суд крымінальную справу на экс-чыноўніка, які цяпер працуе кіраўніком адной з камерцыйных арганізацый.
У абласной пракуратуры агенцтву БелаПАН распавялі, што былога чыноўніка вінавацяць у злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, учыненым з карыслівай асабістай зацікаўленасці службовай асобай, якая займае адказнае становішча. Таксама яго вінавацяць у перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў.
Следства выявіла, што ў 2007 годзе намеснік старшыні выканкама, маючы жыллё ў Мінску, скарыстаўся службовымі паўнамоцтвамі. З яго падачы райвыканкам прыняў незаконнае рашэнне пра вылучэнне яму кватэры ў элітным раёне ў цэнтры Мінска плошчай больш за 100 квадратных метраў. Гэтую кватэру чыноўнік пазней прыватызаваў.
У 2009 годзе чыноўнік незаконна перадаў бясплатна два зямельныя ўчасткі ў прыгарадзе Мінска ў пажыццёвае спадчыннае валоданне грамадзянам, якія не мелі патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У адпаведнасці з заканадаўствам, яны маглі набыць гэтыя ўчасткі толькі на аўкцыёне. На момант вылучэння камерцыйны кошт кожнага з участкаў складаў 30-40 тысяч долараў.
За кожнае са згаданых злачынстваў Крымінальны кодэкс прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Фота — job-sbu.org