Настаўніца, якая была апалітычнай і атрымала 2,5 года хіміі: "Бойся абыякавых"
Алена Пуцыковіч / хатні архіў
"Дзецям я заўсёды кажу адно і тое: дабро перамагае зло, сіла ў праўдзе, патрыятызм — гэта зусім не любоў да нейкіх пэўных людзей, якія займаюць высокапастаўленае становішча. Патрыятызм — гэта любоў да сваёй зямлі, свайго народа", — расказвае Еўрарадыё настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №4 горада Іванава Алена Пуцыковіч.
Алена Мікалаеўна — педагог амаль з 30-гадовым стажам працы. У 2020 годзе яе некалькі разоў судзілі за ўдзел нібыта ў несанкцыянаваных мерапрыемствах і непадпарадкаванне міліцыі і прысуджалі штраф 100 і 55 базавых адзінак.
А 14 красавіка суд Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці прысудзіў Алену Пуцыковіч да двух з паловай гадоў хатняй хіміі "за паклёп" у дачыненні да двух сілавікоў. У дадатак настаўніца павінна будзе выплаціць кожнаму па 1500 рублёў за прычыненую маральную шкоду.
Як так атрымалася?
"Карыслівыя інтарэсы"
"Я зрабіла рэпост з "Чорнай кнігі Брэста" пра старшага оперупаўнаважанага па эканамічнай злачыннасці Іванаўскага АУС Аляксандра Задарожнага, — расказвае Еўрарадыё Алена Пуцыковіч. — Там было напісана, што на нейкім пратэсце ў Брэсце ён здымаў удзельнікаў на камеру і лжыва сведчыў у судзе. Я выказала шкадаванне, маўляў, навошта трэба было ехаць у Брэст. Я лічыла, што гэта праўдзівая інфармацыя, таму што ён двойчы сведчыў у судзе супраць мяне. Даваў непраўдзівыя інфармацыю. Калі на першым судзе яго спыталі: "А масавае мерапрыемства было?" Ён адказаў: "Так". "Адкуль ведаеце?" Ён сказаў: "Я так вырашыў". Гэта значыць, суб'ектыўнае меркаванне ён выказаў як бясспрэчную ісціну — гэта недапушчальна".
Гаворка ідзе пра суд за шпацыр па Іванаве. У кастрычніку мінулага года Алена разам з прыяцелькамі дамовіліся схадзіць на каву. Ішлі па вуліцы Савецкай з двума бел-чырвона-белымі і адным чырвоным парасонам. Па словах суразмоўніцы, калі яны праходзілі міма аддзялення міліцыі, адтуль выйшла каля 16 супрацоўнікаў.
"16 супрацоўнікаў, каб затрымаць пяць жанчын, якія гулялі... Паводзілі сябе па-рознаму: былі тыя, якія хацелі схапіць, перагарадзіць дарогу. Некаторыя проста стаялі і ўхмыляліся, разумеючы абсурднасць сітуацыі. Аляксандр Задарожны, які прызнаны цяпер пацярпелым і хоча атрымаць ад мяне кампенсацыю 1500 рублёў, асабіста мне сказаў: здраднікі, прадаліся Польшчы за 20 еўра. Калі я пра гэта гаварыла ў судзе, ён не абвяргаў. Ёсць запіс. Я збіраюся падаваць сустрэчны пазоў па факце паклёпу ў дачыненні да мяне".
Паводле версіі следства, 5 снежня Пуцыковіч зрабіла ў тэлеграм-чат яшчэ адзін рэпост. Нібыта ў паведамленні было напісана, што начальнік АУС Драгічынскага райвыканкама Юрый Котыш ілжыва сведчыў у судовых працэсах супраць актывістаў. Настаўніца кажа, што гэта наогул не даказана, і збіраецца аспрэчваць рашэнне суда:
"Што да кампенсацыі за маральную шкоду, яе таксама трэба даказаць. Даведак, што ў іх сапраўды пагоршылася здароўе і яны звярталіся ў медыцынскую ўстанову, пададзена суду не было. Няма фактаў выкліку хуткай дапамогі, фактаў звароту да псіхолага. Ні дакументаў, ні фактаў. 1500 рублёў кожнаму? Карыслівыя інтарэсы, інакш не назавеш".
"Канец ужо відаць"
Муж Алены Пуцыковіч — ваенны пенсіянер. Сын служыў у памежных войсках і ў лістападзе звольніўся ў запас. Дачцэ 13 гадоў, вучыцца ў мясцовай гімназіі. Алена Мікалаеўна прызнаецца: да жніўня 2020 года палітыкай не цікавілася. "Але калі пасля выбараў з'явіўся інтэрнэт і я прачытала, што адбываецца, не змагла далей жыць спакойна і рабіць выгляд, што мяне гэта не датычыцца".
Настаўніца кажа, што не можа маўчаць з тых жа прычын, што і ўсе беларусы, якія выступаюць супраць гвалту, фальсіфікацый і рэжыму, "як у Паўночнай Карэі". Паводле яе слоў, сярод знаёмых знайшлася толькі адна былая аднакурсніца, якая падтрымлівае "бок зла", з ёй суразмоўніца Еўрарадыё лічыць за лепшае не кантактаваць.
"Сваім вучням я пры выпадку цытую Юліуса Фучыка: "Бойся абыякавых! Гэта з іх маўклівай згоды здзяйсняецца ўсё зло на зямлі!" — і я не разумею, як сёння можна быць абыякавымі. Я хачу, каб будучыя грамадзяне нашай краіны займалі таксама актыўную грамадзянскую пазіцыю ў грамадстве. На шчасце, мяне падтрымліваюць усе, з кім я маю зносіны: сям'я, блізкія сябры, суседзі, выпускнікі і ў Беларусі, і тыя, якія з'ехалі. Я чытаю абмеркаванні ў суполках Іванава і Драгічына, бачу рэакцыю людзей. Сярод іх не знайшлося ніводнага чалавека, які б хоць бы нейтральна выказаўся наконт маёй сітуацыі. Ва ўсіх негатыўныя эмоцыі, хоць у суполках ёсць розныя людзі. Так што з гэтым усё нармальна, інакш была б гарчынка — расчараванне".
Суразмоўніца расказвае, што да свайго прысуду паставілася спакойна, лічачы, што "суды ў Беларусі палітызаваныя, канец ужо відаць, і два з паловай гады гэта не працягнецца".
"Рада, што змагла паўплываць на выхаванне многіх грамадзян нашай краіны"
Алена Пуцыковіч кажа, што, калі рашэнне суда не атрымаецца аспрэчыць, праз "хімію" з працай у школе давядзецца на нейкі час развітацца. І мабыць, гэта адзінае, што хвалюе яе на цяперашні момант.
"На працы асаблівага ціску не было, але павышаную ўвагу да сябе я адчула яшчэ 1 верасня, калі завуч па вучэбнай рабоце прыйшла да мяне на класную гадзіну, — расказвае суразмоўніца. — Я была добра падрыхтаваная, думала, можа, яшчэ і пракурор захоча прыйсці, праверыць маю працу. Негатыўнага стаўлення з боку бацькоў у свой адрас я не чула і не бачыла, затое ёсць людзі, якія адкрыта выказвалі мне сваю падтрымку.
У дзяцей я таксама пыталася, ці змянілася нешта ў працэсе навучання сёлета? Яны адказалі, што не. Так што мая актыўная жыццёвая пазіцыя, тое, што мяне прыцягвалі да адказнасці, ніякім чынам не адбілася на маёй працы, таму што я сумленна выконвала свае абавязкі і збіраюся іх выконваць, наколькі мне дазволяць доўга гэта рабіць.
І хоць мая праца з пункту гледжання фінансавага ўзнагароджання няўдзячная, я лічу, што гэта маё, і вельмі рада, што змагла паўплываць на выхаванне многіх грамадзян нашай краіны. А дзеці? Дзеці разумныя, сумленныя, смелыя. Дзеці разумеюць і адэкватна ацэньваюць тое, што адбываецца. У кожнага дзіцяці ёсць гаджэт і выхад у тую ці іншую сацсетку. Яны сядзяць у месенджарах: цікавяцца, чытаюць, супастаўляюць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.