Настаўнік з Літвы трапіў пад санкцыі ЕС замест кіраўніка "ЛНР"

Настаўнік з Літвы трапіў пад санкцыі ЕС замест кіраўніка "ЛНР"

Настаўнік з Літвы трапіў пад санкцыі ЕС замест кіраўніка самаабвешчанай "ЛНР". У іх аднолькавыя імя і прозвішча. Літоўскі банк раптоўна выкарыстаў у дачыненні да 39-гадовага Сяргея Казлова санкцыі. Жыхару Каўнаса даводзіцца даказваць, што ён не з'яўляецца прарасійскім дзеячом з Луганска, піша Delfi.

Настаўнік Казлоў нарадзіўся ў Каўнасе. Ён працуе настаўнікам рускай мовы. Гэтым летам мужчына заўважыў, што перастаў атрымліваць заробак — пераводы былі спынены банкам. Больш таго, блакуюцца любыя грашовыя аперацыі. "Мне сказалі, што я тэрарыст, як бы смешна гэта не гучала, але гэта ўжо не смешна, у мяне прозвішча і імя такія ж, як у прэм'ер-міністра непрызнанай Луганскай рэспублікі", — расказвае Сяргей Казлоў.

Дзеяча з "ЛНР" Еўрасаюз уключыў у "чорны спіс" з-за падазрэнняў у ваенных злачынствах і адмыванні грошай. Гэтаму Сяргею Казлову 58 гадоў. Ён — ураджэнец Луганскай вобласці, былы палкоўнік.

Высветлілася, што пад санкцыі нечакана трапіў яшчэ адзін літовец — жыхар Вільні Сяргей Казлоў. "У яго таксама такія ж праблемы, з яго месца працы даводзілася дасылаць у банк даведкі пра тое, што ён не той тэрарыст, за якога яго прымаюць", — кажа Казлоў з Каўнаса.

Эксперт па кібербяспецы Марус Парэшчус кажа, што такая сітуацыя сведчыць: санкцыі працуюць. Паводле яго слоў, нярэдка падобныя праблемы ўзнікаюць у турыстаў, якія маюць аднолькавыя імёны і прозвішчы з фігурантамі санкцыйных спісаў. Сяргеям Казловым раяць звяртацца ў цэнтр МУС Літвы, дзе яны могуць атрымаць пацверджанне, што не знаходзяцца ў вышуку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі