Найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі РФ купляюць "сродкі процідзеяння" беспілотнікам
З-за атак беспілотнікаў перапрацоўка нафты ў РФ скарачаецца
Найбуйнейшыя нафтавыя і энергетычныя кампаніі Расіі купляюць "сродкі процідзеяння" беспілотнікам. Яны правялі ўжо не менш за 300 тэндэраў. Сума закупак склала не менш мільярда рублёў (больш за $10 млн), пішуць "Важные истории".
Да "сродкаў процідзеяння" адносяцца пераносныя комплексы процідзеяння беспілотнікам, антыдронавыя стрэльбы і стацыянарныя сістэмы радыёэлектроннага выяўлення і падаўлення дронаў. Высвятляецца, што расійскія кампаніі плануюць будаваць ахоўныя збудаванні ў выглядзе нацягнутых паміж мачтамі сетак, якія павінны затрымліваць ударныя дроны.
Згаданыя меры прымаюць "Раснафта", "Лукойл", "Слаўнафта", "Башнафта", "Транснафта". Не ўсе яны будуць эфектыўныя. Напрыклад, антыдронавыя стрэльбы прызначаныя для падаўлення сувязі з аператарам, але беспілотнікі вялікай далёкасці лётаюць у аўтаномным рэжыме.
У сакавіку 2024 года Украіна правяла шэраг паспяховых атак беспілотнікамі на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы ў розных рэгіёнах. Расійскія ўлады абмяркоўвалі магчымасці прыкрыцця НПЗ сістэмамі "Панцыр", але наўрад ці яны маюць іх у дастатковай колькасці.
Тым часам з-за атак беспілотнікаў перапрацоўка нафты ў РФ скарачаецца, а на рынку паліва павялічваецца рызыка дэфіцыту, адзначае "Медуза". Паводле розных ацэнак, Расія штодня губляе ад 600 да 900 тысяч барэляў патэнцыйнага паліва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.