Наземны грамадскі транспарт у навагоднюю ноч будзе хадзіць да 5-й раніцы
У навагоднюю ноч грамадскі транспарт у Мінску будзе хадзіць паводле спецыяльнага раскладу. Інтэрвалы руху будуць не болей за 20 хвілін.
Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі паведаміў Аляксандр Капцюх, начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак прадпрыемства “Сталічны транспарт і сувязь”.
Наземны транспарт будзе хадзіць з улікам раскладу працы месцаў гуляння — да 5-й гадзіны раніцы 1 студзеня. Метро закрыецца а 4-й гадзіне раніцы. Толькі тры станцыі — "Няміга", "Купалаўская" і "Кастрычніцкая" — будуць прымаць пасажыраў да 4.30.
Расклад руху грамадскага транспарту ў навагоднюю ноч з’явіцца на сайце Мінсктранса.
Аляксандр Капцюх: “Актуальная інфармацыя таксама будзе з’яўляцца на электронным табло, якімі абсталяваная большасць канцавых прыпынкаў”.
У іншыя святочныя дні грамадскі транспарт у сталіцы будзе хадзіць паводле раскладу выходнага дня.