Назіральнікі: На выбарах прыпісваюць да 25% яўкі, ёсць "каруселі"

Назіральнікі: На выбарах прыпісваюць да 25% яўкі, ёсць "каруселі"

На датэрміновым галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі назіральнікі фіксуюць прыпіску ў яўцы да 25%. На некаторых участках прыпісваюць да 200 лішніх чалавек, якія не галасавалі. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі распавёў сябра мінскай гарадской выбарчай камісіі Зміцер Каспяровіч.

Каспяровіч: "Вось, напрыклад, 25-ы выбарчы ўчастак у Мінску. Я налічыў 109 подпісаў, тых хто прагаласаваў, а ў іх — 146. На іншым участку розніца была пад 200 чалавек".

З парушэнняў назіральнікі фіксуюць масавы прымус да датэрміновага галасавання, неапячатаныя памяшканні для галасавання і так званыя "каруселі", калі адныя і тыя ж выбаршчыкі галасуюць некалькі разоў на розных участках. Фактаў шматразовага галасавання па словах назіральнікаў, як мінімум, тры. Людзей цэнтралізавана прывозіць аўтобус, яны галасуюць, пасля едуць на іншы участак.

Несупадзенне звестак па колькасці прагаласаваўшых праверыць немагчыма

Агулам назіральнікі аформілі больш за 900 скаргаў на ход датэрміновага галасавання. З участкаў назіральнікаў выдаляюць не толькі па рашэнні камісіі, але і з-за скаргаў іншых, праўладных назіральнікаў. Таксама ёсць факты запалохвання і пагроз у дачыненні да назіральнікаў ад "Права выбару-2015". Пра гэта распавёў каардынатар кампаніі Дзяніс Садоўскі.

Садоўскі: "Ёсць факты адмовы ў акрэдытацыі, пазбаўлення акрэдытацыі — 12 чалавек. Некаторыя вымушаныя былі адмовіцца ад назірання з-за праблем на працы. Учора аднаго з нашых назіральнікаў звольнілі з працы".

Датэрміновае галасаванне пачалося 6 кастрычніка і працягнецца да 11 кастрычніка. Центравыбаркам у пятніцу паведаміў пра яўку ў 28%.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі