Не шкадуюць на ювелірку, але эканомяць на рамонце: беларусы зацягваюць паясы
Беларусы сталі эканоміць / Еўрарадыё
"Белгазпрамбанк" паказаў, на што яго кліенты выдаткоўвалі грошы ў красавіку-чэрвені 2023 года, і параўнаў гэтыя звесткі з леташнімі. Атрымалася цікавая карціна: рабіць пакупкі беларусы сталі часцей, але па некаторых таварах сярэдні чэк падае. Гэта значыць, што людзі выбіраюць таннейшыя рэчы — зацягваюць паясы.
А адзенне, нягледзячы на ўсе намаганні легпраму і раскладванне беларускіх тавараў на бачных месцах, жыхары Беларусі па-ранейшаму ахвотней купляюць за мяжой, чым дома. Мы пакапаліся ў статыстыцы — і цяпер можам расказаць вам, як за год змяніліся выдаткі беларусаў.
Усе пайшлі ў кіно
Больш за ўсё павялічыліся выдаткі на кіно. Колькасць транзакцый вырасла на 79,19%, а сярэдні чэк — на 23,99% (з 12,3 рубля ў другім квартале 2022 года да 22,7 рубля). Цікава, што гэты кінабум супаў з санкцыямі, праз якія Беларусі пачалі пакідаць заходнія дыстрыб'ютары, а легальныя копіі заходніх прэм'ер у кінатэатрах былі замененыя на пірацкія.
На другім месцы па росце — паслугі. Транзакцый стала больш на 32,52%. Але сярэдні чэк вырас усяго на 1,88% (з 47,7 да 48,6 рубля). Тут значна павялічылася аплата за гатэлі — на 90,7%.
Чыгуначныя білеты куплялі на 26,3% часцей, а падаражэлі яны на 10,74% (з 17,58 да 19,47 рубля).
Закупкі для рамонту таксама выраслі. Транзакцый стала на 12,2% больш. Але сярэдні чэк знізіўся на 7% (з 71,2 да 66,2 рубля). Мабыць, людзі выбіраюць прасцейшыя тавары.
Падобная сітуацыя з электронікай. Колькасць транзакцый павялічылася на 2,35%, а сярэдні чэк упаў на 2,9% (з 135,3 да 131,3 рубля).
Трохі часцей пачалі купляць ювелірныя вырабы і гадзіннікі. Аплат стала больш на 0,85%. Але гэтая катэгорыя аказалася лідарам па росце сярэдняга чэка — на 24,4% (з 188,8 да 234,9 рубля).
Жанчыны трацяць менш
З усіх выдаткаў у другім квартале 2023 года на жанчын прыпадае 42,8%, а на мужчын — 57,2%. У жанчын таксама меншы сярэдні чэк. Калі ў іх на адну пакупку ідзе ў сярэднім 79,6 рубля, то ў мужчын — 94,6 рубля.
Самы вялікі сярэдні чэк у мужчын — у катэгорыі "ювелірныя вырабы і гадзіннікі" — 320 рублёў. А ў жанчын гэта "гатэлі" — 344 рублі.
Калі казаць пра замежныя выдаткі, то там карыстальнікі банка звычайна плацяць больш, чым у Беларусі. Напрыклад, сярэдні чэк у супермаркеце ў Беларусі складае 19,5 рубля, а за мяжой — 39,6 рубля. Яшчэ больш значная розніца — у катэгорыі"адзенне". Сярэдні чэк у Беларусі — 64,6 рубля, а за мяжой — 197,2 рубля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.