Некалькім мігрантам на мяжы спатрэбілася дапамога медыкаў — ДПК Беларусі
У лагеры мігрантаў на беларуска-польскай мяжы / Еўрарадыё
Медыкі за мінулыя суткі дапамаглі дзвюм жанчынам і дзіцяці, якія знаходзяцца ў лагеры мігрантаў на беларуска-польскай мяжы, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.
У жанчын былі пераахаладжэнне і траўма галавы. У дзіцяці таксама назіраліся прыкметы пераахаладжэння. Паколькі па начах у лесе даволі холадна, дзяжурных медыкаў пакідаюць на ноч каля лагера.
Паводле падлікаў беларускіх памежнікаў, "на лініі мяжы ля польскіх загародаў працягвае знаходзіцца больш за 2 тысячы бежанцаў". За апошнія суткі іх колькасць павялічылася на 200 чалавек.
Між тым прэс-сакратар польскага знешнепалітычнага ведамства Лукаш Ясіна ў эфіры расійскай радыёстанцыі "Эхо Москвы" чарговы раз пацвердзіў, што Польшча не мае намеру пускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
"Яны прыбылі ў Беларусь легальна, яны там як турысты. Гэта немагчыма, каб турысты, якія незаконна перайшлі мяжу паміж Польшчай і Беларуссю, атрымалі гэтую магчымасць", — заўважыў прэс-сакратар польскага МЗС.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЕС абвастрыўся ў панядзелак. У гэты дзень на ўчастак мяжы ў раёне беларускага Гродна прыйшлі тысячы мігрантаў у надзеі прарвацца ў Польшчу. Польскаму боку давялося павялічыць сілавую прысутнасць на мяжы. Літва ўвяла надзвычайнае становішча ў памежных раёнах. Прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі назваў сітуацыю на мяжы з ЕС "дзяржаўным тэрарызмам". Еўрасаюз тым часам заявіў пра гатоўнасць разгледзець чарговы пакет санкцый у дачыненні да Мінска ўжо на наступным тыдні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.