Эскалацыя: усё, што адбылося на беларуска-польскай мяжы за дзень

Сітуацыя на мяжы / фота з групы мігрантаў у сацыяльных сетках
Сітуацыя на мяжы / фота з групы мігрантаў у сацыяльных сетках

На польскай мяжы затрымаліся сотні курдаў, якія прыйшлі з боку Беларусі. Яны хацелі легальна перасекчы мяжу. Але ім перашкодзілі сілавікі. Што адбывалася ля памежнага пераходу "Брузгі — Кузніца".

Раніцай 8 лістапада ў сетцы з'явілася відэа, на якім бачна, як велізарная калона мігрантаў з заплечнікамі ідзе з боку Беларусі да польскай мяжы ў раёне памежнага пераходу "Брузгі". Выявілася, што гэта курды. Крыху пазней стала вядома, што калона не дайшла да памежнага пункта, да якога яна накіроўвалася першапачаткова, а павярнула ў лес. Як мяркуецца, туды яе накіравалі беларускія сілавікі.

Калона мігрантаў рухаецца ў бок мяжы

У Дзяржпамежкамітэце Беларусі пракаментавалі тое, што адбываецца каля беларуска-польскай мяжы. У ведамстве пацвердзілі, што шматлікая група бежанцаў з рэчамі рухаецца па трасе ў напрамку суседняй краіны. Таксама там дадалі, што ў гэтай сітуацыі вінаватыя самі палякі.

Польскі бок таксама адрэагаваў на падзеі на памежжы. Пётр Ваўжык, намеснік міністра замежных спраў Польшчы, сказаў, што ён "перакананы, што беларускія ўлады імкнуцца да эскалацыі, якая прывядзе да таго, што будуць смяротныя ахвяры на якім-небудзь з бакоў". Таксама чыноўнік запэўніў, што польскія службы былі гатовыя да такога развіцця падзей і будуць рэагаваць адэкватна.

Прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын таксама выказаўся з гэтай нагоды. "Самая вялікая на сённяшні дзень спроба сілавога ўварвання ў Польшчу пачалася", — сказаў ён.

Рэакцыя польскіх палітыкаў на новы віток крызісу

Тым часам частка людзей з калоны мігрантаў праз лес дабралася да мяжы з Польшчай.

У Варшаве вырашылі сабраць антыкрызісны штаб і абмеркаваць надзвычайную сітуацыю на беларуска-польскай мяжы.

Бліжэй да поўдня беларускія памежнікі паведамілі, што ўся вялікая група мігрантаў пакінула тэрыторыю Беларусі і з'ехала ў Польшчу. Аднак, мяркуючы па відэа з беларускага боку, якія мігранты працягвалі выкладаць у сацсеткі, гэта было не так.

У Міністэрстве абароны Польшчы паведамілі, што 12 тысяч польскіх жаўнераў прыведзеныя ў баявую гатоўнасць для абароны сваёй мяжы.

Эскалация: всё, что произошло на белорусско-польской границе за день
Сітуацыя на мяжы / БЕЛТА

Праз тое, што адбываецца на мяжы з Польшчай Літва прапанавала ўвесці надзвычайнае становішча. Пра гэта заявіла кіраўніца ведамства Агне Білатайтэ. Таксама Літва вырашыла прывесці войскі ў баявую гатоўнасць.

Бліжэй да абеду высветліліся важныя абставіны падзей на мяжы: выявілася, што мігранты не збіраліся парушаць закон і нелегальна перасякаць беларуска-польскую мяжу. Людзі хацелі афіцыйна аформіцца на памежным пункце "Брузгі", а потым звярнуцца да памежнікаў польскага памежнага пераходу "Кузніца".

Пра гэта гаворыцца ў сацсетках, дзе ўцекачы абмяркоўвалі сённяшні марш. Аднак беларускія сілавікі, як і меркавалася раней, выціснулі мігрантаў з дарогі ў лес. Яны нават выклікалі падмацаванне, верагодна, на выпадак, калі мігранты захочуць вярнуцца на дарогу. Так мігранты апынуліся ля плота з дротам, дзе іх сустрэлі польскія памежнікі.

Эскалация: всё, что произошло на белорусско-польской границе за день
Сітуацыя на мяжы / БЕЛТА

Пасля абеду сітуацыя на мяжы пачала абвастрацца. Мігранты сталі спрабаваць прарвацца праз плот на тэрыторыю Польшчы. На відэа, якія былі знятыя на месцы падзей, відаць, што яны нешта кідаюць у бок памежнікаў.

Крыху пазней з'явіўся відэазапіс, на якім відаць, як бежанцы рэжуць драцяны плот спецыяльнымі нажніцамі. Таксама яны секлі дрэвы, каб потым закінуць бярвёны на агароджу. Адзін з мігрантаў спрабаваў прарваць драцяны плот радлёўкай.

Недалёка ад мігрантаў былі заўважаныя беларускія сілавікі ў камуфляжы, якія назіралі за працэсам.

На мяжу прыехалі журналісты праўладных беларускіх СМІ.

Да пяці вечара частка бежанцаў з дзецьмі ўздоўж агароджы дайшла да польскага прапускнога пункта "Кузня". Людзі крычалі, дзеці плакалі, аднак памежнікі іх не прапусцілі.

Мігранты з дзецьмі на мяжы

Беларускі Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў, што перад польскімі агароджамі на мяжы знаходзіцца больш за 2 тысячы ўцекачоў. Сярод іх ёсць жанчыны і дзеці.

Цяпер сітуацыя стабілізавалася. Мігранты сталі рыхтавацца да начлегу на мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі