Невядомыя ўсталявалі шпіёнскую праграму на тэлефоны беларускіх палітуцекачоў
Спецыялісты пратэставалі прылады некалькіх дзясяткаў чалавек (ілюстрацыйнае фота)
Невядомыя ўсталявалі шпіёнскую праграму Pegasus на тэлефоны палітуцекачоў — журналістаў і актывістаў з Беларусі, Расіі, Латвіі і Ізраіля, якія жывуць у ЕС. Гэта вынікае з незалежнага даследавання, праведзенага міжнародным экспертам у лічбавай бяспецы Мікалаем Кванталіяні, арганізацыямі The Citizen Lab і Access Now. Як піша "Медуза", яны "пратэставалі прылады яшчэ некалькіх дзясяткаў рускамоўных журналістаў і актывістаў". Шпіёнскую праграму знайшлі на тэлефонах сямі чалавек. Выпадкі заражэння адбыліся на тэрыторыі Латвіі, Літвы, Польшчы і Аўстрыі.
Сярод пацярпелых ад Pegasus трое грамадзян Беларусі: кіраўнік "Еўрапейскай Беларусі", экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, галоўны рэдактар "Хартыі-97" Наталля Радзіна і актывістка, якая жыве ў Вільні (яна прасіла не раскрываць яе імя). Тэлефон апошняй заразілі прыкладна 25 сакавіка 2021 года. У гэты дзень дыяспара адзначала чарговы Дзень Волі.
Саннікаў і Радзіна жывуць у Варшаве. Тэлефон Андрэя Саннікава ўзламалі прыкладна 7 верасня 2021-га, а Наталлі Радзінай — тройчы: 2 і 7 снежня 2022-га, а таксама 16 студзеня 2023-га. Першая атака адбылася адразу пасля антываеннай канферэнцыі, арганізаванай "Форумам свабоднай Расіі" ў Вільні. Радзіна прымала ў ёй удзел.
Даследчыкі высветлілі, што для заражэння беларусаў і расіян невядомыя выкарыстоўвалі адны і тыя ж Apple ID. Іх стварылі спецыяльна для гэтай атакі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.