У Курапатах зносяць крыжы, урочышча ачапіў АМАП (фота, відэа)
У Курапатах зносяць крыжы, піша "Наша Ніва" са словаў відавочцы. "Нагналі тэхнікі, зносяць крыжы", — распавёў ён.
Карэспандэнт "Нашай Нівы" дадае, што ДАІ заблакавала пад’езды да Курапатаў і не дазваляе спыняцца каля рэстарана "Поедем поедим". Здалёк бачныя тэхніка і рабочыя.
АМАП ачапіў Курапаты па перыметры і не прапускае людзей.
Курапаты — месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Дакладная колькасць пахаваных тут ахвяраў невядомая.
Некалькі месяцаў таму актывісты пачалі пратэсты супраць рэстарана "Поедем поедим", які адчыніўся недалёка ад Курапатаў. З ініцыятывы Змітра Дашкевіча былі пастаўленыя новыя крыжы насупраць забаўляльнай установы. Цяпер гэтыя крыжы зносяць.
Падчас пратэсту быў затрыманы Павел Севярынец.