“Ноч музеяў — 2014”: гід па самых смачных мерапрыемствах ночы

У ноч з 17 на 18 траўня мінскія галерэі і музеі адкрыюць свае дзверы для наведнікаў у начны час. Асноўныя мерапрыемствы на беларускіх музейных пляцоўках пачнуцца з 19:00 і працягнуцца да 5-й гадзіны раніцы. Еўрарадыё падрыхтавала невялікі гід па самых “смачных” мерапрыемствах гэтай ночы.

Нацыянальны мастацкі музей

Інтэрактыўная інсталяцыя, выстава жывых скульптур і лабірынт часу — гэта тое, што чакае наведнікаў у Нацыянальным мастацкім музеі. Там з 21.00 да 2.00 у форме гульні раскажуць пра беларускага мастака Хаіма Суціна, працы якога каштуюць мільёны долараў на сусветных аўкцыёнах. Працягне “Ноч музеяў” першая ў Мінску выстава жывых скульптур ад творчай майстэрні “Джокерс” Алега Усава, а на прыступках будынка адбудзецца сапраўдны вулічны канцэрт: Пётр Клюеў і City Jazz Quartet (21:00); рок-н-рольны сэт ад гурта Big Daddy Blues і ліндзі-хоп школы “Качели” (22:00); у 23:00 канцэрт працягне кабарэ-бэнд "Серебряная Свадьба" з праграмай Laterna Magica, а апоўначы пачнецца прэм’ера аўдыёвізуальнага шоу “Минотавр” ад электронных праектаў Baisan & Buben і Saint Gooseberry.

Уваход у Нацыянальны мастацкі музей у гэтую ноч будзе каштаваць 50 000 рублёў, а бясплатна выставы музея наведаюць тыя, хто створыць свой гадзіннік і зробіць яго часткай касцюма.

Літаратурны музей імя Янкі Купалы

Купалаўскі музей сёлета працуе пад дэвізам “Будзь у трэндзе — адпачывай у КупалаLANDze”. З 14:00 да 23:00 тут будзе працаваць hand-made кірмаш “Яблычак вечаровы”, тэатр танца “Отражения”, пластычны тэатр “Вкубе”, а таксама перфомансы і мімы. За музычную частку праграмы будуць адказныя Re1ikt, Rahis, HAND MADE, Folkmashina, ZnaRock і Сяргей Башлыкевіч. Паколькі музей сёлета святкуе сваё 70-годдзе, кожны 70-ы наведнік, а таксама тыя, хто ў даце нараджэння мае лічбу 7, атрымаюць вольны праход. Для астатніх кошт квітка складзе 30 000 рублёў. У продажы ёсць таксама і 70 VIP-квіткоў па 70 000. Праграма працягнецца да 02:30.

Літаратурны музей імя Якуба Коласа

Ахвочых дакрануцца да ўсходняй рамантыкі у “Ноч музеяў” запрашае музей імя Якуба Коласа. У 17:00 тут пачнецца чаяванне з траваў, сабраных на радзіме пісьменніка. Пасля наведнікам прапануюць традыцыйную кітайскую цырымонію і дэгустацыю аюрведычнай гарбаты. У музеі таксама пройдзе сустрэча з кітайскім паэтам Лі Цзо. Да таго ж арганізатары абяцаюць вогненнае шоу і канцэрт беларускіх гуртоў, якія і закрыюць шоу апоўначы. Кошт квітка на экспазіцыю складае 12 000 рублёў, на канцэрт з 21:30 — 40 000 рублёў.

Музей імя З. Азгура

Упершыню беларусам пакажуць незвычайную оперу. У межах акцыі "Ноч музеяў" на лядовай арэне "Юнацтва" адбудзецца прэм'ера хакейнай оперы-буф "0:1". Стварылі яе адмыслова для сустрэчы чэмпіянату свету па хакеі кампазітарка Вольга Падгайская і музыка-лібрэтыст Віталь Дарашук. Па форме опера "0:1" нагадвае класічную італьянскую оперу-буфа. Цікава, што гледачы ўбачаць невялікі хакейны матч, а героі оперы будуць раз'язджаць па лядовай арэне на каньках. Пастаноўка оперы ладзіцца выключна сіламі музыкаў і музея імя З. Азгура, які арандуе пляцоўку "Юнацтва".

Чакаецца, што опера будзе паказаная толькі аднойчы. Пачатак у 22.30 17 траўня. Кошт квітка папярэдне 170 000 рублёў, у дзень імпрэзы — 200 000.

Музей гісторыі горада Мінска

З 20:00 у музеі гісторыі горада Мінска пачнецца праект “Гарбата ў горадзе”. Гледачам прапануюць выставу гарбатнікаў, варажбу на гарбаце ды чаяванне ў дворыку музея. Можна будзе паслухаць джаз і паглядзець выставу “Back in BSSR”, на якой прадставяць калекцыю плакатаў 1940—1980, прадметы быту ды творы мастацтва. Кошт квітка — 20 000 рублёў.

Палац мастацтваў

Палац мастацтваў прапануе рок-спектакль “Малевич. Портрет в двух измерениях”. Стваральнікі пастаноўкі, моладзевы тэатр “Колесо”, называюць яго правакацыяй і загадкава сцвярджаюць, што гэты спектакль іх змяніў:

“Чаму? Таму што: ён — першы. Яны — наступныя. Яна — першапачатковае. Крылы — хараство. Адзенне — лёс. Чамаданы — ноша. Чорны квадрат — чорны квадрат. Карціны — вечнае. А значыць, правілы гульні зразумелыя, а не згуляць нельга, тым больш што вы ўжо ў гульні…”

Выбар пакідаем за вамі! Выдатнай ночы музеяў!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі