"Ноч паэтаў" у Вільні, Варшаве, Тбілісі, Батумі
"Ноч паэтаў" у Вільні, 2022 год
29 кастрычніка ў розных гарадах свету беларусы правялі акцыі памяці літаратараў, расстраляных НКУС у ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў засценках "амерыканкі" і Пішчалаўскага замка ў Мінску.
У Вільні ў мерапрыемстве ўдзельнічалі журналісты, музыканты, актывісты. Сярод іх — журналіст Алег Груздзіловіч, які нядаўна вызваліўся з турмы, музыкі Аляксандр Памідораў, Юры Несцярэнка, паэтка Сабіна Брыло і іншыя. Таксама выступіла кіраўнік Саюза літоўскіх пісьменнікаў Бірутэ Янушкайтэ.
Узгадвалі расстраляных беларускіх паэтаў, крытыкаў і празаікаў і ў Грузіі. У Батумі ў мерапрыемстве ў Цэнтральным парку горада ўдзельнічалі не толькі беларусы, але і грузінскія літаратары, піша "Будзьма".
"У мяне ўражанне, што было надзвычай душэўна, неяк вельмі шчыра, людзі рабілі гэта як штосьці сакральнае, — сказала пісьменніца Наталка Харытанюк. — Для беларусаў гэта так важна. Проста адчуваеш, якая цеплыня расплываецца, калі ўсе разам".
У Тбілісі акцыя памяці прайшла ў Доме пісьменнікаў Грузіі. Вершы расстраляных паэтаў чыталі акцёр Аляксандр Ждановіч, рэжысёр Андрэй Бібікаў, музыканты Андрусь Такінданг і Рыгор Лайкоў ды іншыя. Таксама ўдзельнікі вечарыны наведалі анлайн-лекцыю "Непаслухмяныя дзеці кастрычніка".
Ушанавалі памяць беларускіх творцаў, расстраляных НКУС, і ў Варшаве. Гучалі вершы, запальваліся свечкі. Гэта адбывалася ля помніка загінулым і замардаваным у Сібіры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.